У Літве перасцерагаюць Беларусь ад экспарту нафтапрадуктаў праз Расію

У Літве перасцерагаюць Беларусь ад экспарту нафтапрадуктаў праз Расію

Для Беларусі можа быць эканамічна нявыгадна, калі давядзецца экспартаваць нафтапрадукты праз расійскія чыгункі і порты. Такую заяву літоўскага прэм'ер-міністра Саўлюса Сквярняліса перадае ru.delfi.lt.

Кіраўнік літоўскага ўраду звярнуў увагу на тое, што расійскія порты замярзаюць і кліматычныя ўмовы там зусім іншыя. "Гэта асабліва адчувальна, калі гаворка ідзе аб перавозцы нафтапрадуктаў", — Падкрэсліў Сквярняліс.

Ён дадаў, што ва ўсходніх дзяржавах палітычныя рашэнні нярэдка прымаюцца без уліку эканамічных інтарэсаў, таму літоўскія палітыкі таксама мусяць выяўляць актыўнасць для накіравання беларускіх грузаў па-ранейшаму па літоўскіх чыгунках у Клайпедскі порт.

У сераду Уладзімір Пуцін падчас наведвання Калінінградскай вобласці заявіў, што пастаўкі расійскай нафты варта ўвязваць з выкарыстаннем расійскіх чыгунак і портаў ў Фінскім заліве. Гэтая заява выклікала нервовую рэакцыю ў прадстаўнікоў Літвы. 

Літоўскія эксперты мяркуюць, што Расія такім чынам імкнецца зрабіць Беларусь яшчэ больш залежнай ад сябе. "Прапаноўваючы экспартаваць праз расійскія порты, Пуцін, зразумела, бачыць у гэтым эканамічную выгаду. Акрамя таго, ён тады будзе дакладна ведаць, колькі нафтапрадуктаў Беларусь адпраўляе на экспарт", — тлумачыць палітолаг з Віленскага ўніверсітэта Лаўрынас Ёнавічус.

За сем месяцаў 2017 года аб'ёмы перавозкі грузаў Літоўскімі чыгункамі, у параўнанні з аналагічным перыядам 2016-га, павялічыліся на 6,5% — да 28,99 млн тон. З іх транзіт нафтапрадуктаў праз Клайпедскі порт склаў 1,224 млн тон.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі