У магілёўскага ўдзельніка акцыі "Стоп-падатак" ідзе ператрус
Актывіст Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Антон Касцоў тры гадзіны правёў у Кастрычніцкім РАУС Магілёва.
Потым у суправаджэнні трох міліцыянтаў 23-гадовага магілёўца павезлі дадому.
Увечары 24 снежня хлопец з'явіўся ў міліцыю, каб даць тлумачэнне з нагоды таго, што не можа выдаліць групу "Стоп-страх" у сацыяльнай сетцы "Вконтакте". Таксама ён не можа выдаліць падгрупу, якая анансуе чарговую акцыю, прызначаную на 27 снежня.
Днямі раней міліцыянты вылічылі, што Антон Касцоў з'яўляецца яе ўладальнікам. Да яго дамоў прыехаў намеснік начальніка магілёўскай міліцыі і прапанаваў выдаліць групу. У адваротным выпадку хлопцу пагражалі праблемамі.
Антон кажа, што выдаліць суполку не можа, бо не з'яўляецца яе стваральнікам, хоць і праяўляў пэўную актыўнасць у ёй. Ужо вядома, што 26 снежня актывіста выклікаюць у ваенкамат — хочуць забраць на вайсковыя зборы.
Нагадаем, што 20 снежня ў розных гарадах Беларусі прайшлі акцыі супраць новага падатку — на допуск да дарожнага руху. У Магілёве група аўтааматараў з уключанай аварыйнай сігналізацыяй ездзіла вакол будынка аблвыканкама. Міліцыянты некалькі разоў прыпынялі ўдзельнікаў акцыі, але не затрымлівалі.
Фота з мінскай акцыі "Стоп-падатак"