Транспартны падатак для ветэранаў і пенсіянераў не адменяць

Транспартны падатак для ветэранаў і пенсіянераў не адменяць

Дэпутаты “старога” парламента працягваюць абмяркоўваць новы бюджэт на 2017 год. 15 верасня народныя абраннікі слухаюць намесніка міністра фінансаў Юрыя Селіверстава. Той расказвае, колькі грошай будзе выдаткавана на навуку і медыцыну, будаўніцтва жылля і адукацыі, на іншыя сферы. Але асабліва вострыя дыскусіі паміж дэпутатамі і прадстаўніком Мінфіна разгараюцца па двух пытаннях: адсутнасці грошай на закупку новых баявых самалётаў і вакол так званага “дарожнага збору”.

“На самым высокім узроўні было прынятае рашэнне аб набыцці ў 2017 годзе чатырох самалётаў СУ-35С. Працэс набыцця даволі складаны, і калі мы не заплануем грошы ў бюджэце на наступны год, то не зможам падаць заяўку на іх”, — звяртаецца да прадстаўніка Мінфіна старшыня пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Валерый Гайдукевіч.

“У гэтым годзе набываюцца іншыя лётныя апараты — ЯК, а значыць, у наступным вызваляцца сродкі на набыццё іншых машын. Апроч таго, ёсць магчымасць, і вы пра гэта ведаеце, з іншых крыніц прыцягваць сродкі, чым Мінабароны карыстаецца. Калі будуць дадатковыя сродкі ў бюджэце, то яны будуць у першую чаргу накіроўвацца на мэты нацыянальнай абароны”, — чуюць дэпутаты ад Юрыя Селіверстава.

Такі адказ абурае дэпутатаў. Чуваць крыкі з месцаў пра тое, што такія пытанні за два дні не вырашаюцца, што рашэнне аб набыцці баявых самалётаў абмяркоўвалася на пасяджэнні Савета Бяспекі.

“Яно зацверджанае прэзідэнтам”, — гучыць як апошні і самы моцны, на іх думку, аргумент. 

“Да 2020 года 75% баявой авіяцыі вычарпаюць свой рэсурс, і рамантаваць іх больш немагчыма! Таму і прынятае рашэнне штогод набываць па 4 самалёты. І казаць, што недзе там нешта з’явіцца... Галоўнае, каб у бюджэце было закладзена!” — налятаюць, што тыя ястрабы, дэпутаты на намесніка міністра фінансаў.

Чыноўнік, нібы абураны тым, што яго западозрылі ў здрадзе нацыянальным інтарэсам, бароніцца як можа.

“Ёсць параметр-індыкатар у сферы забеспячэння абароны, і вы ведаеце які, і ён выконваецца на сёння. Будзе выконвацца і ў наступным годзе. У межах сумаў, якія гэтым індыкатарам прадугледжаныя, можна набываць усё, што заўгодна. І можна падаваць заяўку. Калі гэтыя расходы ідуць звыш параметраў, тым паказчыкам прадугледжаных, давядзецца іх неяк трансфармаваць, — блытана адказвае чыноўнік, бачыць, што аргументы яго не ўспрымаюцца дэпутатамі, і пераходзіць у напад. — Вы ж ведаеце, які грыф носяць гэтыя параметры?! Ці вы хочаце, каб я на тэлекамеры агучыў дзяржаўную таямніцу?!”

“Разабраўшыся” з баявой авіяцыяй, дэпутаты пераходзяць да другога балючага пытання — “дарожных збораў”. Зыходзячы з таго, што задае яго той жа старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы Валерый Гайдукевіч, гэта таксама пытанне са сферы нацбяспекі.

“Дэпутаты прагаласавалі за гэты закон, таму што сабраныя сродкі будуць ісці на ўтрыманне мясцовых дарог. Але сумаў, на гэта запланаваных, недастаткова. Таму мы прапаноўваем накіроўваць 60% (сабраных падаткаў — Еўрарадыё) на мясцовыя дарогі, а 40% — на рэспубліканскія”, — прапаноўвае дэпутат.

Наўздагон іншыя дэпутаты прапаноўваюць адмяніць гэты падатак для транспартных сродкаў сельгаспрадпрыемстваў (у іх і так грошай няма), ветэранаў вайны, увесці льготы на аплату “дарожнага падатку” для пенсіянераў ды інвалідаў.

Праўда, аргументы дэпутатаў разумення ў прадстаўніка Мінфіна не знаходзяць. Пераразмяркоўваць грошы паміж мясцовымі і рэспубліканскімі дарогамі не будуць, бо “грошы трэба на будаўніцтва другой кальцавой дарогі вакол Мінска — гэта прыярытэт па рашэнні кіраўніка краіны”. Маўляў, скончыцца будаўніцтва — вернемся да гэтага пытання. Сельгаспрадпрыемствы атрымліваюць такія датацыі з бюджэту, што могуць з тых грошай і дарожны падатак заплаціць. Ветэранам вайны ўвялі 50% на аплату, а астатнія — такія ж удзельнікі дарожнага руху, таму хай плацяць.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі