Калі ветэрану вайны чакаць выканання абяцанага кіраўніком краіны?
Еўрарадыё пашукала, ці працуе хто над дакументам, які б адмяняў дарожны падатак для ветэранаў вайны.
Падчас наведвання горада Слаўгарад Магілёўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка абяцае ветэрану вайны Феліксу Шкірманкову адмяніць дарожны падатак для ветэранаў Другой сусветнай вайны. Адбылося гэта 26 красавіка.
“Я яму сказаў, што ў Беларусі засталося 3 тысячы ветэранаў, з якіх ад сілы 30-40 могуць кіраваць уласным аўтамабілем, — распавядае Еўрарадыё пра гутарку з Лукашэнкам Фелікс Шкірманкоў. — І яны за год наязджаюць ад сілы 2-3 тысячы кіламетраў. А вымушаныя плаціць гэты падатак, як тыя, хто ў месяц наязджае па 20-30 тысяч. Ён у мяне пытаецца: “А ты плаціш падатак?” Адказваю, што плачу. Ён мне: “Адменім!” Я яго пытаюся: “Дамовіліся? Дакладна?” Ён: “Дакладна, адменім!” Паціснулі адзін аднаму руку і на тым, як кажуць, разышліся”.
Праўда, канкрэтную дату адмены ветэрану не назвалі, і спачатку ён спадзяваўся, што зроблена гэта будзе да святочнага дня Перамогі — 9 траўня. Спадзяванні не спраўдзіліся, і ветэран, не дачакаўшыся абяцанага, вымушаны быў і сёлета заплаціць 600 тысяч дарожнага падатку — перад праходжаннем тэхагляду.
Шкірманкоў: “І калі яго адменяць?.. Я калі праходзіў тэхагляд тыдзень таму, там мне хлопцы сказалі, што, напэўна, з новага года гэта зробяць. Бо ім паперы, як праводзіць тэхагляд і што там рабіць, прыходзяць у студзені заўсёды”.
Па словах Фелікса Шкірманкова, ён ужо збіраўся напісаць артыкул пра тое, як прэзідэнт падмануў ветэрана — не выканаў свайго абяцання. Але людзі адгаварылі. Маўляў, калі такое напішаш, то дакладна нічога не адменяць.
Але ці збіраюцца ўлады адмяняць гэты падатак? Вырашаем даведацца і для пачатку звяртаемся ў Палату прадстаўнікоў — галоўны заканадаўчы орган. Папраўкі ў законы павінныя праходзіць праз дэпутатаў. А тут гаворка пра змены ў закон “Аб падаткаабкладанні”.
“У нас пры фармаванні гэтага блоку законаў — бюджэт, змены ў Падатковы кодэкс, што ўдакладняюць нормы гэтага кодэксу, — асноўным распрацоўшчыкам заўжды выступае Міністэрства фінансаў, — тлумачаць сітуацыю ў парламенцкай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі парламента. — Праца па фармаванні новага блоку законаў на 2016 год, зразумела, ужо пачатая. Але, я думаю, пакуль на такой стадыі, што толькі Міністэрства фінансаў будзе ў поўнай меры валодаць інфармацыяй. Мяркуйце самі: яшчэ чэрвень, а гаворка ідзе пра змены, якія з’явяцца ў парламенце толькі восенню”.
Звяртаемся ў Мінфін.
“Пакуль у Мінфіне на гэты конт нічога няма — мы не працуем над такім даручэннем”, — расчароўвае кіраўнік прэс-цэнтра Ірына Комар.
Праўда, дадае, што, магчыма, такое даручэнне — адмяніць дарожны падатак для ветэранаў вайны — ім дадуць крыху пазней, калі пачне фармавацца бюджэт на наступны год. А пачынаецца гэты працэс звычайна ў канцы чэрвеня.
І раіць пашукаць адказу на нашае пытанне дзе-небудзь яшчэ. Да прыкладу, у Адміністрацыі прэзідэнта…