Ці змогуць беларускія добраахвотнікі атрымаць украінскае грамадзянства?
Пашпарт грамадзяніна Украіны
У студзені 2024 года Уладзімір Зяленскі прапанаваў два законапраекты, якія павінныя ўрэгуляваць сітуацыю як з грамадзянамі Украіны, так і замежнікамі — у тым ліку беларускімі добраахвотнікамі. Гаворка ідзе пра множнае грамадзянства.
Множнае грамадзянства — гэта калі чалавек лічыцца грамадзянінам/грамадзянкай дзвюх ці больш краін, згодна з заканадаўствам гэтых краін. Украінскае заканадаўства не прызнае множнага грамадзянства, аднак гэтае пытанне становіцца ўсё больш актуальным. У рэальнасці многія ўкраінцы ўжо маюць некалькі пашпартоў, але згодна з Канстытуцыяй дзяржава лічыць іх толькі сваімі грамадзянамі. Пры гэтым парадак дэкларавання другога (і больш) грамадзянства адсутнічае, як і адказнасць за яго наяўнасць.
Калі законы прымуць, то, напрыклад, украінцы змогуць атрымліваць грамадзянства дзяржавы — партнёра Украіны без страты ўкраінскага. Або грамадзяне больш чым 40 краін могуць стаць украінцамі па спрошчанай працэдуры, не адмаўляючыся ад сваіх пашпартоў.
Але з грамадзянамі "краін-агрэсараў" сітуацыя выглядае крыху інакш, піша выданне "Заборона".
Украінскае грамадзянства для замежных добраахвотнікаў
Адна з задач законапраекта — даць магчымасць замежным добраахвотнікам атрымліваць грамадзянства Украіны без страты свайго.
"Людзі, якія праліваюць кроў за нашу зямлю, і іх сваякі зарабілі гэтае права. Але трэба іх пільна правяраць. Магчыма, патрэбнае спецыяльнае агенцтва або сумесная міжнародная група, каб пазбегнуць карупцыі", — адзначае адзін з рэспандэнтаў у апытанні "Забороны".
Адкарэктаванае заканадаўства можа паскорыць і сам працэс, бо працэдура адмовы ад ранейшага грамадзянства займае нямала часу.
"Ініцыятыва закліканая спрасціць жыццё такім замежным добраахвотнікам, многія з якіх цяпер маюць адносіны з украінскімі дзяўчатамі. Яны хочуць ажаніцца і застацца ва Украіне", — кажа іміграцыйны адвакат Іван Ганчароў.
Да таго ж, атрымліваючы ўкраінскае грамадзянства, замежнік зможа атрымаць абарону ад пераследу ў роднай краіне і пагрозы дэпартацыі.
"Ваююць замежнікі з розных краін. У прыватнасці з тых, дзе за іх дзейнасць прадугледжаная крымінальная адказнасць. Напрыклад, згодна з французскім заканадаўствам удзел іх грамадзян у баявых дзеяннях у іншых краінах лічыцца найміцтвам. Атрымліваючы грамадзянства Украіны, ён ці яна аказваецца пад абаронай украінскага заканадаўства", — тлумачыць Ганчароў.
"Калі замежнік набыў грамадзянства Украіны і на яго ёсць запыт пра выдачу, тут ужо працуе крымінальна-працэсуальнае права. Згодна з прапанаваным законапраектам такая асоба прызнаецца выключна грамадзянінам Украіны", — дадае адвакат Васіль Чараднічэнка.
А што рабіць добраахвотнікам з Беларусі і Расіі?
Усе гэтыя спрашчэнні ніяк не датычаць грамадзян РФ, бо падвойнае грамадзянства з краінай-агрэсарам будзе забароненае. Адначасова на баку Украіны яшчэ з пачатку вайны ваюе вялікая колькасць беларусаў і расіян. І многія з іх хацелі б атрымаць украінскі пашпарт.
"Падтрымліваю выдачу грамадзянства Украіны замежнікам, але яны не павінныя паходзіць з РФ, Беларусі, КНДР, Ірана. Хіба што выключэнне трэба для добраахвотнікаў", — адзначае адзін з рэспандэнтаў у апытанні "Забороны".
Для добраахвотнікаў з краін-агрэсараў захоўваецца магчымасць, якая была ўведзеная яшчэ ў 2021 годзе, дэкларатыўнага выхаду з грамадзянства РФ. Гэта значыць, што ім не трэба агучваць абавязанні адмовіцца ад грамадзянства іншай краіны — толькі дэкларацыю пра тое, што ва Украіне яны будуць карыстацца выключна ўкраінскім пашпартам. Тое ж датычыць і іх сем'яў.
Таксама ў жніўні 2024 года быў зацверджаны закон № 9585. Ён дазваляе замежнікам і людзям без грамадзянства, якія абараняюць Украіну, падаваць на грамадзянства нават з пратэрмінаванымі дакументамі. Таксама дакумент скарачае абавязковы тэрмін пражывання ва Украіне з пяці да трох гадоў. А для замежнікаў, звольненых са службы па стане здароўя, тэрміны знаходжання наогул не будуць улічвацца.
Паводле такога ж прынцыпу атрымліваць ўкраінскае грамадзянства могуць і добраахвотнікі з іншых краін, якія не ўвайшлі ў "белы" спіс. Да прыкладу, беларусы, казахі, грузіны і іншыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.