Чаму Баранавічам нічога не перапала ад транспартнага падатку?

У жніўні мы з мужам унеслі лепту ў будаўніцтва ды рамонт дарог: заплацілі транспартны падатак за сваё аўто — 1 мільён рублёў. Муж прапісаны ў Баранавічах, таму ўсе выплаты былі ў гэтым горадзе.

Справядліва, калі я зацікавілася, на якія дарогі пайшлі грошы баранавіцкіх аўтаўладальнікаў? Баранавіцкім кіроўцам можна ставіць помнік за віртуознае ўменне ездзіць па дарогах горада! У райцэнтры дарог амаль няма: ямы ў пояс, "хвалі" ды велізарныя дзіры ў асфальце.

Гэта вуліца Чайкоўскага. Побач - цэнтральны рынак і цэнтр горада Баранавічы. 

Нечакана высвятляю, што ў Баранавічах ажно некалькі арганізацый рамантуюць ды кладуць дарогі.

ДБУ-22 прызнае, што ў мінулым годзе было болей рамонтаў, затое зараз будуюць новыя дарогі:

"Паўкіламетра адрамантавалі Слонімскай шашы і вуліцу Чарнышэўскага — ўчастак ад Куйбышава да вуліцы 50 гадоў БССР. Акрамя капітальнага рамонту, мы яшчэ робім новую дарогу. Вось цяпер на вуліцы Кааператыўная. У наступным годзе будзем, магчыма, расшыраць вуліцу Тэльмана на некаторых участках. У мінулым годзе было болей рамонтаў, а цяпер — новае будаўніцтва дарог”, — прыкідваюць ў вытворчым аддзеле ДБУ-22.

Пакласці пакрыццё на існуючы асфальт у 1000 метраў квадратных у чатыры сантыметры каштуе каля 104 мільёнаў. Але кажуць, фінансаванне — “жах”!

"Фінансаванне жудаснае! Быццам бы грошы выдзяляюцца, але мы так доўга чакаем. Вось на сёння нам вінныя 23,5 мільярда за тое, што пабудавалі дарогі. Усё, што можна бяромся рабіць, каб толькі выжыць", — кажуць мне ў бухгалтэрыі прадпрыемства.

"Баранавічы рэмбуд" кажуць, што фінансаванне ў 2014 годзе добрае! Нават лепшае, чым ў правальным 2012 годзе. Бяда адна, з матэматыкай нешта ў арганізацыі не так.

"У параўнанні з 2012 годам, 2013 ды 2014 у нас вельмі добрыя гады. У 2013 годзе нам далі, да прыкладу, 13 мільярдаў, у 2014 — за восем месяцаў далі 10 мільярдаў, а вось у 2012 — 16 мільярдаў, але ж гэта за ўвесь год!"

У фінансавы аддзел Баранавіцкага гарвыканкама тэлефаную з прэтэнзіяй: дзе мае грошы, закапаныя ў дарогу? Транспартны падатак ёсць, арганізацыі, якія гатовыя працаваць, ёсць, а грошы дзе? Аказваецца, ні я, ні сотні баранавічан ні капейкі не атрымалі на рамонт правальных баранавіцкіх дарог!

"Усё ідзе ў рэспубліканскі бюджэт, ды абласны, — чаканяць у фінаддзеле пра фокусы размеркавання сродкаў. — 50% ад сумы транспартнага падатку пайшло на рэспубліку, а 50% размеркавалі паміж абласцямі".

Як даведалася Еўрарадыё, згодна з указам, грошы з транспартнага падатку могуць пайсці на рамонт дарог у горадзе толькі ў выпадку, калі яны з'яўляюцца працягам мясцовых ці рэспубліканскіх дарог. На астатнія, па якіх ездзіць большасць жыхароў горада, грошы ідуць з гарадскога бюджэту.

У фінаддзеле Брэстаблвыканкама Еўрарадыё тлумачаць, якая была дзялёжка: ад ўсіх 50% грошай падатку Брэсцкая вобласць атрымала толькі 12%. Меней, за ўсе астатнія вобласці! Размеркаванне грошай адбываецца зыходзячы з плошчы аўтадарог на тэрыторыі вобласці.

Тут заўважаюць, што ў Брэсцкай вобласці ўсяго зарэгістравана 728 446 аўтамабіляў: на пачатак года, а да прыкладу, у Віцебску — 472 тысячы. Але сума для Віцебскай вобласці большая — 18%.

"Прынцып, чым менш дарог, тым менш грошай — неаб'ектыўны. Мы прыводзілі такі довад, што ў Брэсцкай вобласці болей за ўсё зарэгістраваных аўто, акрамя Мінскай. Колькасць транспарту ўплывае на знос дарог. Прапаноўвалі ўлічыць гэты фактар. На Брэсцкую вобласць у выніку з 50% грошай пайшло толькі 12%, у Віцебскай вобласці — 18%. Але ў Віцебскай вобласці зарэгістравана меней транспарту. Атрымліваецца, збіраем больш за ўсіх на дарогі, па якіх ніхто з Брэсцкай вобласці, можа, і не паедзе ні разу!"

За бягучы год Брэсцкай вобласці выдзелілі ўсяго 94 мільярды. А сабралі брэсцкія аўтамабілісты па сціплых падліках каля 550 мільярдаў рублёў. За грошы аўтамабілістаў Брэсцкай вобласці можна было б адрамантаваць прыкладна 340 кіламетраў, а адрамантуюць толькі 65.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі