Белтэхагляд: Праз нежаданне плаціць “дарожны збор” людзі не праходзяць тэхагляд

Белтэхагляд: Праз нежаданне плаціць “дарожны збор” людзі не праходзяць тэхагляд

На 10,5 мільёнаў рублёў менш атрымае рэспубліканскі бюджэт у 2016 годзе ў якасці пошліны “за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху”. Фактычна гэта значыць, што, паводле разлікаў чыноўнікаў, менш машын пройдзе тэхагляд. Пры тым, што колькасць толькі легкавых аўтамабіляў у нас штогод павялічваецца. Паводле інфармацыі ДАІ, у перыяд з 2010 па 2015 гады яна вырасла на 420 тысяч — з 2 мільёнаў 501 тысячы 200 да 2 мільёнаў 920 тысяч 200 аўто. У чым жа прычына?

 

 

Белтэхагляд: Праз нежаданне плаціць “дарожны збор” людзі не праходзяць тэхагляд

У нежаданні людзей праходзіць тэхагляд, кажуць мне ў Белтэхаглядзе. І ў якасці доказу называюць лічбы: калі ў 2015 годзе прайшлі тэхагляд і атрымалі “допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху” 1 мільён 705 тысяч 640 машын, то ў 2016 годзе — 1 мільён 542 тысячы 422. Прычына — аўтаўладальнікі не хочуць плаціць так званы "дарожны збор", без аплаты якога тэхагляд не пройдзеш, сцвярджае прэс-сакратар Белтэхагляду Таццяна Сцяпанава.

Глядзім: калі вага вашага аўтамабіля (а такіх у краіне большасць) не перавышае 2 тон, то сума “дарожнага збору” для вас будзе 138 рублёў. Дадайце сюды аплату за праходжанне тэхагляду і атрымаеце суму прыблізна ў 210 рублёў. 

З тым, што прычына менавіта ў “дарожным зборы”, пагаджаецца і дэпутат парламента Вольга Палітыка.

“Для некага гэта значная сума. Асабліва калі мы гаворым пра пенсіянераў. На жаль, прапанова дэпутатаў падзяліць напалам гэтую суму, і калі ты паўгода не ездзіш, то і не плаціш, не была падтрыманая ўрадам. А хтосьці не хоча плаціць, таму што не бачыць, каб грошы траціліся на тыя дарогі, па якіх ён штодня ездзіць”, — кажа дэпутат.

Сапраўды, урад не толькі не пагадзіўся з тым, каб у людзей была магчымасць заплаціць толькі за паўгода карыстання дарогамі, але і пазбавіў льготы пенсіянераў. Калі яшчэ ў 2015 годзе пенсіянеры па ўзросце аплачвалі палову “дарожнага збору”, то з 1 студзеня 2016 года іх гэтай льготы пазбавілі. Пакінулі толькі для ветэранаў вайны, але колькі іх у нас засталося…

Тое ж і з дарогамі: паводле прэзідэнцкага ўказу, большасць сабраных у якасці “дарожнага збору” грошай ішла на будаўніцтва другой кальцавой дарогі вакол Мінска. Мала каму з аўтамабілістаў, скажам шчыра, гэта падабаецца.

“Выкарыстоўваць больш сабраных грошай на мясцовыя дарогі і на вуліцы ў гарадах — гэта будзе стымулам для таго, каб людзі ахвотней плацілі гэты транспартны збор і, адпаведна, праходзілі тэхагляд. Калі людзі будуць бачыць, што паляпшаюцца канкрэтна дарогі ў іх населеным пункце, у іх рэгіёне”, — упэўненая Вольга Палітыка.

Але атрымліваецца, што цяпер па дарогах ездзіць шмат машын, якія не прайшлі тэхагляд і тэхнічны стан якіх пад вялікім пытаннем. Можа, гэта машыны ў такім стане, што з’яўленне іх на дарозе нясе небяспеку?

“Як гэта ні дзіўна, але прыязджаеш, да прыкладу, у нейкую вёску ці невялікі горад — і там тэхагляд прайшлі практычна ўсе, нават старэнькія машыны. Большасць тых, хто не жадае плаціць і не праходзіць тэхагляд, — у Мінску. І машыны гэтыя далёка не старыя”, — кажа прадстаўніца Белтэхагляду Таццяна Сцяпанава.

Увогуле, ідэю “дарожнага збору” некалькі гадоў таму спарадзілі самі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Іншая справа, што памер яго, паводле іх прапановы, не мусіў перавышаць 2 базавых, а паступаць грошы павінныя былі ў мясцовыя бюджэты. На дарогі, па якіх ездзяць тыя, хто за іх і плаціць.

Цікава, што вялікай праблемы ў нежадання ўсё большай колькасці людзей плаціць лішнія, на іх думку, грошы і праходзіць тэхагляд у ДАІ не бачаць. Маўляў, пастаянна спыняюць машыны без тэхагляду, штрафуюць аўтаўладальнікаў, але такіх не тое каб шмат. 

Фота Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі