У маскоўскай бальніцы памёр былы кіраўнік “МММ” Сяргей Маўродзі
У маскоўскай бальніцы памёр былы кіраўнік “МММ” 62-гадовы Сяргей Маўродзі, інфармуе “Маскоўскі камсамолец”. Папярэдняя прычына смерці — сардэчны прыступ. Яго шпіталізавалі ўначы, “хуткая” забрала Маўродзі з аўтобуснага прыпынку. Выклікаў яе выпадковы мінак (па іншай версіі яго забралі з кватэры). Бізнесмена завезлі ў 67-ю гарадскую бальніцу. Лекары не змаглі выратаваць жыццё і раніцай Сяргей Маўродзі памёр.
Маўродзі стаў вядомым пасля таго, як у пачатку 1990-х стварыў вялізную фінансавую піраміду “МММ”. Яе ахвярамі сталі ад 10 да 15 мільёнаў чалавек. Бізнесмена за махлярства асудзілі на 4,5 гады пазбаўлення волі. У траўні 2007-га ён выйшаў на волю, неаднаразова спрабаваў стварыць новыя варыянты фінансавай піраміды (у тым ліку і ў Беларусі). У 2012-м у адносінах Сяргея Маўродзі распачалі крымінальную справу, ён хаваўся.