У Мінску адмянілі прэзентацыю фільмаў пра Дзяржынскага і партызанаў

Тэатр Акадэміі мастацтваў вырашыў адмовіцца ад стужак Юрыя Гарулёва і Веслава Раманоўскага… з-за праблем з праводкай У Мінску адмянілі прэзентацыю дакументальных фільмаў пра беларускіх партызанаў і Фелікса Дзяржынскага. Стужку беларускага рэжысёра Юрыя Гарулёва “Край светлых мрояў” і карціну яго польскага калегі, дарадцы па культуры амбасады Польшчы ў Беларусі Веслава Раманоўскага “Фелікс – значыць шчаслівы”, павінны балі паказаць у тэатры Акадэміі мастацтваў. Як распавёў Еўрарадыё Веслаў Раманоўскі, сёння ранкам яму патэлефанавалі і сказалі, што ў залі, дзе мусіў адбыцца паказ, адбылася аварыя праводкі.

Веслаў Раманоўскі: “Мы сёння атрымалі інфармацыю, што адбылася аварыя электрычнасці ў той залі, дзе мусіла быць дэманстрацыя фільма пра Фелікса Дзяржынскага. І немагчыма, каб тая прэзентацыя адбылася”.

Па яго словах, нібыта напярэдадні паказу фільмы прагледзелі кіраўнікі Акадэміі. Але якія былі каментары, і ці звязана гэта з аварыяй электраправодкі, польскі рэжысёр не ведае.

Яго ж калега Юрый Гарулёў абсалютна не здзіўлены такому развіццю падзей.

Юрый Гарулёў: “У мяне быў выпадак у вёсцы Варанча, дзе мы паказвалі фільм бабулькам, якія бралі ўдзел у фільме. Перад паказам фільм праглядаў вялікі кансіліум – старшыня райвыканкама, кіраўнік аддзела культуры, супрацоўнік КДБ. Прагледзелі і моўчкі вырашылі, што можна паказваць. Бо нічога супраць народа ці супраць ураду там няма”.

Праўда, у фільме таго ж Гарулёва ёсць расповед пра тое, як беларускія партызаны знішчылі маёнтак Варонча з усімі яго жыхарамі. А гэта былі адны жанчыны і дзеці. Але чаму пра гэта нельга расказваць людзям, рэжысёр не разумее. Гісторыю гэту ён знайшоў сярод дакументаў у Нацыянальным архіве і праглядзець іх можа кожны жадаючы.

Тое, што ў памяшканні тэатра Акадэміі мастацтваў здарылася аварыя, Еўрарадыё пацвердзіў і дырэктар тэатра Андрэй Васілеўскі.

Андрэй Васілеўскі: “У нас здарылася невялікая непрыемнасць з электраправодкай. Але вось ўжо зараз яе пачалі рамантаваць. Заўтра цэлы дзень яе будуць аднаўляць і зробяць, у лепшым выпадку, толькі ў чацвер”.

Не гледзячы на тое, што працы рамонтнікам з праводкай максімум на тры дні, паказ фільмаў не перанеслі на гэты ж тэрмін, а ажно на наступны год. І тое пад пытаннем. Па словах Веслава Раманоўскі, у Акадэміі яму сказалі, што графік мерапрыемстваў для памяшкання тэатра распісаны да канца года. І толькі у новым годзе яны змогуць вернуцца да разгляду пытання аб новым прызначэнні даты прэзентацыі фільмаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі