У Мінску адзначылі “Дзяды”, у шэсці ўдзельнічала пераважна моладзь

У нядзелю ў Мінску прайшлі традыцыйныя шэсце і мітынг з нагоды адзначэння Дня памінання продкаў – Дзяды. Сталічныя ўлады далі дазвол на іх правядзенне. У акцыях, арганізаваных КХП-БНФ, удзельнічала шмат моладзі. Адзінае, на што чыноўнікі не далі згоды – гэта на шэсце па праспекце Незалежнасці, таму яго ўдзельнікі ішлі па ходніках. Толькі аднойчы адбыўся эксцэс – на перакрыжаванні вуліцы Валгаградскай і праспекта Незалежнасці.

ДАІшнікі спрабавалі прымусіць людзей, а іх ужо было больш за тысячу чалавек, пераходзіць вуліцу праз падземны пераход.

Аднак арганізатары акцыі - сябры Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ – нагадалі супрацоўнікам ДАІ пра Нямігу ды павялі людзей па паверхні.

Ад завода “Прамень” (станцыя метро “Парк Чалюскінцаў) да Курапатаў калона ішла дзве з паловай гадзіны.

Людзі неслі ў руках бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі з гербам Мінску, плакаты і расцяжкі: “Памятаем пра ахвяры расейскага тэрору”, “1937 – 2007”, “Ніякага саюзу з імперскай Расеяй”, “Свабоду Дашкевічу”, “Свабоду Казуліну”.

Таксама хлопцы і мужчыны неслі крыжы для ўсталявання ў Курапатах. У калоне было шмат вядомых людзей: лідэры КХП-БНФ Юрась Беленькі і Валерый Буйвал, старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, мастак Алесь Марачкін, Павел Севярынец, Зміцер Хведарук.

У Курапатах на пляцоўцы перад адноўленым Крыжам пакутаў людзі спявалі рэлігійны гімн “Магутны Божа” і маліліся. Нагадаем. што ў пачатку кастрычніка невядомымі быў зламаны Крыж пакутаў у Курапатах, на месцы масавых пахаванняў ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсій.

Аднак ён быў адрэстаўраваны і 24 кастрычніка ўсталяваны на ранейшым месцы.

У 14.30 ў Курапатах каля мемарыяльнага каменю з надпісам “Ахвярам сталінізму” пачаўся жалобны мітынг. Сакратар управы КХП-БНФ Валерый Буйвал прачытаў ліст старшыні партыі Зянона Пазьняка.

У ім, у прыватнасці, гаворыцца, што “прыярытэтам беларускай палітыкі павінны стаць нацыянальная адукацыя і асвета маладога пакалення беларусаў”.

Пасля завяршэння мітынга ў Курапатах былі ўсталяваныя 16 новых крыжоў.

Фота - www.niachesny.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі