У Мінску апазіцыянераў судзяць за мацюкі і кветкі ля помніка Коласу

У судзе Савецкага раёна Мінску пачаўся суд над лідэрам руху салідарнасці "Разам" Вячаславам Сіўчыкам і актывістамі апазіцыі Мікалаем Дземідзенкам, Андрэем Кімам і Кацярынай Давыдзік. Іх затрымалі ўвечары 27 ліпеня падчас спробы ўскласці кветкі да помнікаў Якубу Коласу, Янку Купалу і Максіму Багдановічу. Акцыя прысвячалася 20-годдзю прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі.

Як паведаміў Еўрарадыё сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Аляксей Шэін, затрыманых вінавацяць у дробным хуліганстве.

Шэін: "Ім інкрымінуюць дробнае хуліганства – нібыта яны лаяліся матам, ускладаючы кветкі да помніка Якуба Коласа. І сам гэты факт быў бы смешным, калі б не быў такім сумным".

Па словах Шэіна, з затрыманымі абыходзіліся вельмі жорстка як падчас затрымання, так і ў Савецкім РУУС.

Шэін: "У Андрэя Кіма перабінтаваныя рукі, бо яго падчас затрымання цягнулі па асфальце і рукі падраныя ў яго. А ў самім РУУС адмаўляліся браць на перадачу ваду і аддзенне, для таго, каб чалавек мог на Акрэсціна нармальна пераначаваць. І тады, калі людзей грузілі ў машыну, вывозячы з РУУС, іх штурхалі. Выглядала ўсё гэта вельмі дзіўна".

Ноч затрыманыя правялі ў турме на вуліцы Акрэсціна. На думку Аляксея Шэіна, такі жорсткі разгон культурніцкай акцыі сведчыць, што ўлады і праваахоўныя органы пачалі рыхтавацца да будучай прэзідэнцкай кампаніі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі