У Мінску арыштавалі 15-гадовую дзяўчыну — збывала спайс
Пры сабе дзяўчына мела чатыры кантэйнеры з псіхатропамі.
У Мінску арыштаваная 15-гадовая дзяўчына. Яна прадавала спайс 32-гадоваму мужчыну. Падчас дагляду ў затрыманай знайшлі чатыры кантэйнеры з псіхатропамі.
Як інфармуе БЕЛТА, дзяўчына распавяла, што больш за год ужывае курыльныя сумесі. Спайс яна вырабляла самастойна, усё неабходнае набывала праз інтэрнэт. Вядома, што яна скончыла дзевяць класаў, нідзе не працуе і не вучыцца. У адносінах дзяўчыны распачалі крымінальную справу, яе пакінулі пад вартай, "улічваючы асаблівасці асобы і цяжкасць здзейсненага ёй злачынства".
У беларускай сталіцы адбыўся яшчэ адзін падобны выпадак з удзелам школьніка. Як паведамляе прэс-служба мінскай міліцыі, з адміністрацыі адной са школ прыйшло паведамленне ў РУУС Цэнтральнага раёна, што іх вучань 9-га класа можа спажываць наркатычныя сродкі. Праваахоўнікі неадкладна зрабілі праверку. У кватэры 16-гадовага хлопца знайшлі спайс.
Дарэчы, школьнік прызнаўся, што ўжывае спайс ужо два гады. Распачатая крымінальная справа.
Фота: guvd.gov.by