У Мінску кіроўцы пабіліся з-за паркоўкі, аднаму з іх ампутавалі мужчынскі орган
У Мінску кіроўцы пабіліся з-за паркоўкі. Здарэнне адбылося яшчэ 5 студзеня ў двары аднаго з дамоў па Авангарднай вуліцы. Як інфармуе афіцыйная прадстаўніца Партызанскага РУУС сталіцы Наталля Ганусевіч, 49-гадовы мужчына расчысціў ад снегу месца для паркоўкі аўтамабіля, на якім яго жонка неўзабаве павінна была вярнуцца з працы. Пакуль ён аднёс рыдлёўку, на гэтае месца паставіў свой легкавік сусед. Пераставіць машыну ён не захацеў, пачалася бойка.
33-гадовы мужчына нанёс некалькі ўдараў суседу, які расчышчаў снег. У выніку атрыманых удараў пацярпелы быў шпіталізаваны ў клінічную бальніцу, дзе яму зрабілі ампутацыю органа ў пахвіннай вобласці.
Аператыўнікі Партызанскага РУУС затрымалі зламысніка. У яго адносінах распачалі крымінальную справу, артыкул — "Прычыненне цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці" (арт. 155 КК). Мужчыне пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 2 гадоў.