У Мінску паказалі мюзікл “Чыгунка”, у якім граюць аўтычныя дзеці
У Мінску пад адкрытым небам паказалі беларускамоўны мюзікл “Чыгунка”, у якім разам са звычайнымі акцёрамі іграюць дзеці з аўтызмам. Інтэрактыўны спектакль сабраў на Дзіцячай чыгунцы 35 акцёраў і больш за 300 гледачоў, а асаблівы каларыт пастаноўцы надало прыбыццё сапраўднага цягніка, піша “Наша Ніва”.
Перад спектаклем выступіў маладзёжны тэатр “Кола”, які здолеў уцягнуць гледачоў у тэатральнае дзейства і здзівіць шоў з дрэсіраваным сабакам. Пасля “разагрэву” на станцыю прыбыла “Чыгунка”: юныя акцёры Сямейнага інклюзіў-тэатра ўвасабілі на сцэне сюжэт п'есы. Пасля спектакля гледачам і юным акцёрам раздалі паветраныя шары і прапанавалі здзейсніць паездку па дзіцячай чыгунцы.
Лібрэта мюзікла напісана на аснове казкі беларускамоўнага хлопчыка Кастуся Жыбуля, які таксама мае аўтызм. Яна распавядае пра сяброўства, дабро і права на памылку. У ёй падкрэсліваецца унікальнасць кожнага чалавека, уменне паважаць і прымаць асаблівасці іншых людзей.