Для працуючых пенсіянераў адмянілі "столь" на памер пенсіі
Грошы, ілюстрацыйнае фота
Напярэдадні "выбараў" рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае як "пугу", так і "пернік". У ролі пугі выступаюць, напрыклад, папярэджанні, якія выносяць былым палітвязням.
Ролю перніка павінен адыгрываць указ "Аб сацыяльнай падтрымцы", які Лукашэнка падпісаў 29 кастрычніка. Гэты дакумент адмяняе абмежаванні на памер пенсіі для працуючых пенсіянераў.
Таксама для мацярок, якія нарадзілі і выхавалі чатырох і больш дзяцей, страхавы стаж зніжаецца з 10 да 5 гадоў.
Айцам дзяцей-інвалідаў, якія выхоўваюць і даглядаюць дзіця без удзелу маці, пенсія будзе прызначацца датэрмінова — на 5 гадоў раней.
Дзецям-інвалідам будзе павышаная пенсія ў сувязі са смерцю аднаго з бацькоў. Памер павышэння будзе залежаць ад ступені страты здароўя дзіцяці.
Як паведамляецца, указ спрашчае працэдуру збору дакументаў аб заробку для вылічэння пенсіі, аптымізуе тэрміны падачы заявы аб прызначэнні пенсіі.
За асобнымі катэгорымі грамадзян (з асаблівасцямі здароўя, якія пражываюць з інвалідам I групы або даглядаюць за дзіцем-інвалідам) захоўваецца права атрымліваць пенсію праз паштовае аддзяленне. Іншыя пенсіянеры могуць карыстацца гэтай магчымасцю, калі самі будуць аплочваць паслугі пошты па дастаўцы пенсій.
Асноўныя палажэнні ўказа набываюць моц з 1 студзеня 2025 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.