У Мінску паставяць самы маленькі ў краіне помнік
Самы маленькі ў Беларусі помнік плануецца паставіць у Мінску яшчэ да Новага года, паведамляюць "Мінск-Навіны". Размясціць яго хочуць на вуліцы Зыбіцкай, 6.
Дзяніс Анцявічус і Яўген Мяцеліца вырашылі, што Мінску бракуе гарадскіх легендаў, якія ёсць у іншых мясцінах.
Спярша ў хлопцаў было 19 варыянтаў помніка. У іх ліку — бутэрброд з "Цэнтральнага", венік як сімвал вельмі чыстага горада і нават пошук шчасця на дне шклянкі.
Аднак "фіналістамі" сталі тры праекты:
— беларускае эга;
— млын, які стаяў менавіта на месцы Зыбіцкай, 6 амаль два стагоддзі таму;
— пані Парнікель — кіраўніца гарадскога пансіёну для высакародных дзяўчат, які знаходзіўся на Зыбіцкай у XVIII стагоддзі.
Аўтарам новай гарадской скульптуры стане Станіслаў Нікановіч. Прагаласаваць за ўпадабаны варыянт можна па спасылцы да 6 снежня.
"Пакуль ідзе галасаванне, я ўжо раблю накіды, каб адразу прыступіць да працы. Помнік будзе каля 15 см вышынёй. А часткай працы стане вялікае павелічальнае шкло. Мне трэба будзе, літаральна, падкоўваць блыху", — дзеліцца планамі скульптар.
Усталяваць помнік плануецца ў снежні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.