У Мінску плануюць знесці шэсць кварталаў з прыватным сектарам: паказваем дзе
У Мінску плануюць знесці шэсць кварталаў з прыватным сектарам. Замест аднапавярховых вясковых хатак і больш заўважных катэджаў там можа з’явіцца шматпавярховая жылая забудова. Цяпер у Мінгарвыканкаме афармляецца дакументацыя для распрацоўкі праектаў будаўніцтва.
Якім мінскім кварталам пагражае знос? Мы падрыхтавалі для вас карту:
Прыватны сектар, які апынуўся ў зоне рызыкі, знаходзіцца ў такіх межах:
1. Вуліца Гусоўскага — завулак Адоеўскага — завулак Снежны;
2. Вуліца Фаніпальская — вуліца Стасава — вуліца Снежная;
3. Праспект Дзяржынскага — вуліца Акрэсціна — вуліца Пермская;
4. Вуліца Лук’яновіча — вуліца Гало — вуліца Літаратурная — завулак Пасялковы;
5. Вуліца Арлоўская — вуліца Шчадрына — вуліца Нававіленская — вуліца Гая;
6. Вуліца Аэрадромная — вуліца Сенніцкая — вуліца Авакяна — вуліца Нафтавая.
А вось прыватныя дамы ў 1-м, 2-м і 3-м Кароткіх завулках, дзе таксама мусіла разгарнуцца будоўля, пакуль застануцца на сваіх месцах. Гэтую тэрыторыю збіраўся забудаваць Мінскі домабудаўнічы камбінат, але маёмасныя правы ўладальнікаў сядзіб не паспелі выканаць у вызначаны законам тэрмін.
— На гэтай тэрыторыі афармленне дазвольнай дакументацыі пакуль адкладзенае, — расказвае галоўная архітэктар Мінска Вольга Верамей. — Мы чакаем зацвярджэння праекта дэталёвага планавання, які раней быў скарэктаваны. Як толькі ён будзе зацверджаны, мы пачнём інвестыцыйны працэс.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.