У Мінску прадаюць кватэру за… біткоіны: “Пакуль ніхто не звяртаўся”
На сталічнай вуліцы Кісялёва выставілі на продаж за біткоіны чатырохпакаёку ў цагляным доме 1953-га года. На сёння гэта самая папулярная крыптавалюта свету. Кватэра з добрым рамонтам каштуе 30 біткоінаў ці 199 тысяч долараў.
Як высвятляем, гаспадар Канстанцін сам займаецца крыптавалютай, але слаба верыць, што за нерухомасць расплацяцца электроннымі грошамі.
Еўрарадыё: А чаму менавіта за біткоіны?
Канстанцін: Я сам даўно карыстаюся біткоінамі. Калі размяшчаў абвестку, біткоін каштаваў сем тысяч долараў, цяпер ён вырас. Людзі розныя бываюць, камусьці, можа, будзе цікава такім чынам вывесці свае біткоіны.
Еўрарадыё: Нехта звяртаўся ўжо?
Канстанцін: Пакуль ніхто не цікавіўся. Шчыра, я не думаю, што ў нас шмат буйных утрымальнікаў крыптавалюты. Тым больш, такіх сум. Такія людзі ёсць, я некаторых ведаю асабіста. Але біткоін увесь час расце, за год 900%, і гэта асноўны інструмент для інвестыцый. Але раптам нехта набудзе, надзея ёсць заўжды.
Еўрарадыё: А калі на выбар вам прапануюць заплаціць у біткоінах ці ў звычайнай валюце?
Канстанцін: Я ў любым выпадку буду набываць біткоіны, таму біткоіны мне будуць больш выгадныя.
Еўрарадыё: А адкуль наогул цікавасць да крыптавалюты?
Канстанцін: Я зацікавіўся біткоінамі год-паўтара таму. Цяпер робім праект у межах блокчэйна, які будзе цікавы крыптаінвестарам.
Еўрарадыё: А якая ў вас самая буйная пакупка ў біткоінах?
Канстанцін: Калі біткоін каштаваў у раёне тысячы долараў, я набываў сабе апаратуру. Там было каля 0,8 біткоіна.
Еўрарадыё: А ў чым яго зручнасць наогул?
Канстанцін: Біткоін расце ўвесь час, зручна пераводзіць неабмежаваную суму за мяжу, і ніхто не убачыць, якую. Праз банк перавесці 100 тысяч долараў будзе каштаваць касмічных грошай. Трэба будзе свае даходы паказваць і ўсё такое.
Біткоін на сёння — самая папулярная крыптавалюта свету. Адзін біткоін каштуе 9495 долараў. Плацёж у біткоінах праходзіць паміж двума людзьмі без усялякіх адміністратараў і пасярэднікаў. Біктоіны немагчыма арыштаваць ці заблакаваць, гэта можа зрабіць толькі сам уласнік.