У Мінску распрацуюць адзіныя правілы рэкламнага афармлення
У Мінску распрацуюць адзіныя правілы рэкламнага афармлення горада. Пра гэта паведамляе TUT.by са спасылкай на галоўнага архітэктара сталіцы Паўла Лучыновіча.
Паводле спецыяліста, у правілах будуць прапісаныя маштабы інфармацыйных шыльдаў у залежнасці ад памеру будынку. Патрабаванні для цэнтру горада і гістарычных пабудоваў будуць больш жорскімі, чым для сучасных збудаванняў і ускраінаў.
З’явяцца і патрабаванні па афармленні вокнаў у цэнтры Мінска: галоўны архітэктар мяркуе, што на гістарычных будынках нельга рабіць вялікія наклейкі.
Агульныя правілы афармлення будуць распрацаваныя на пачатку наступнага года. Працэс замены рэкламных шыльдаў будзе паступовым — па завяршэнні дазволу на старую рэкламу яе будуць мяняць на новую.