У Мінску ўлады вырашылі не прыбіраць з вуліц палаткі з гароднінай і садавіной
У Мінску ўлады вырашылі не прыбіраць з вуліц сезонныя палаткі з гароднінай і садавіной. Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Дамарацкі заявіў парталу tut.by, што было ўлічана меркаванне жыхароў сталіцы. Раней чыноўнікі заяўлялі, што вырашылі вызваліць вуліцы Мінска ад палатак, у якіх гандлююць садавіной і гароднінай. Аднак такія планы негатыўна ўспрынялі людзі, пра што Дамарацкі распавёў на нарадзе ў Мінгарвыканкаме.
“Каментары ў інтэрнэце паказалі, што прадукцыя, якая рэалізуецца ў такіх палатках, запатрабаваная, — кажа чыноўнік. — Яна мае свайго пакупніка. Значыць, такую форму гандлю мы павінны захаваць. Масавага зносу такіх гандлёвых аб’ектаў не будзе”.
Дарэчы, у сталіцы назіраецца тэндэнцыя скарачэння колькасці такіх палатак з ініцыятывы саміх арандатараў.