У Мінску высаджваюць дрэвы ў мароз. "Зелянбуд" кажа, што ўсё цудоўна
Фота: Павел Крупнік
Чытач Telegram-канала "Мінск і мінчанін" Павел Крупнік апублікаваў фота дрэваў, якія пасадзілі на днях у сталіцы ўздоўж Паўднёвай магістралі, якая яшчэ будуецца. Еўрарадыё высвятляе, ці можна наогул высаджваць дрэвы ў мароз і што стане з дрэвам, высаджаным ў снег.
"Пасадкі былі і працягваюцца"
"Гэта нармальна, маразоў няма, — супакойвае начальніца аддзела ўтрымання і добраўпарадкавання аб'ектаў зялёнай гаспадаркі УП "Мінскзеленбуд" Алена Акуліч. — Згодна з правіламі ТКП-45, высаджваць дрэвы з камяком можна пры тэмпературы да -15 градусаў. Прыжываюцца яны нават лепш, чым дрэвы , высаджаныя вясной, асабліва позняй. Камяк абараняе каранёвую сістэму, яна не рвецца. Яго садзяць, прысыпаюць зямлёй. Дрэва зімой знаходзіцца ў спячцы. Калі снег растане, расце далей. Усё выдатна".
Па словах галоўнага інжынера КУП "Зелянбуд Першамайскага раёна" Аляксандра Сурмача, дрэвы, якія ў студзені высаджваюць ўздоўж Паўднёвай магістралі, — гэта ліпы.
"Пасадкі былі і працягваюцца. Цяпер самы спрыяльны перыяд. Гэта напісана ва ўсіх навуковых кніжках. Тэхналагічны працэс мы не парушаем", — кажа спецыяліст.
Акрамя маразоў, маладым дрэвам, высаджаным зімой і позняй восенню, пагражаюць супрацьгалалёдныя рэагенты. У Беларусі выкарыстоўваецца хларыд натрыю (NaCl). Калі лёд падтае, утворыцца водна-саляная сумесь, якая трапляе ў глебу, а яшчэ выпараецца і асядае на кронах дрэў, распавядаў Еўрарадыё загадчык сектара маніторынгу расліннага свету інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Аляксандр Суднік. Зрэшты, Паўднёвая магістраль яшчэ будуецца, рух аўтамабіляў па ёй не запускаўся, таму процігалалёдныя рэагенты там не прымяняюцца.