У Мінску затрыманы ўладальнік будаўнічай кампаніі "Тапас" Павел Белы — СМІ
Павел Белы (гульнявы нумар 53) злева ад Аляксандра Лукашэнкі / БЕЛТА
На гэтым тыдні ў Беларусі быў затрыманы ўладальнік будаўнічай кампаніі "Тапас" і гулец хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі Павел Белы. Пра гэта піша "Наша Ніва" са спасылкай на некалькі не звязаных паміж сабой крыніц.
Меркавана яго затрымалі на гэтым тыдні ў сувязі з прэтэнзіяй фінансавых органаў. Па некаторых дадзеных, Белы нібыта не пагадзіўся з памерам падатковага штрафу, які выставілі адной з яго кампаній, і адмовіўся плаціць дзяржаве налічанае. "Можа быць, упёрся, можа быць, сапраўды няма грошай, таму што часы цяпер іншыя", — прыводзіць выданне словы аднаго са сваіх суразмоўцаў-прадстаўніка Мінскай бізнэс-супольнасці.
"Тапас" Паўла Белага будаваў сярод іншага квартал "Алімпік парк" у Драздах, кватэры ў якім па зніжаных цэнах куплялі прадстаўнікі вышэйшай лукашэнкаўскай наменклатуры. У яго рэстаране "Лебядзіны" рэгулярна праходзяць мерапрыемствы ў тым ліку з удзелам самога Лукашэнкі.
Дадамо, што аднойчы Белага ўжо затрымлівалі. Гэта было ў 2012 годзе. КДБ падазраваў бізнэсоўца ў крадзяжы і вывадзе шасці мільёнаў даляраў за мяжу. Белы тады прасядзеў няшмат. Існуе версія, што Лукашэнка здзівіўся адсутнасці бамбардзіра на штотыднёвай трэніроўцы, спытаў "Дзе Паша", і затрыманага нібыта прывезлі на трэніроўку проста з СІЗА КДБ. Больш ён туды не вярнуўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.