У Мінску зладзяць забег у валёнках
У Мінску зладзяць забег у валёнках. Незвычайныя спаборніцтвы пройдуць 7 лютага, паведамляе БЕЛТА. Імпрэза адкрытая для ўсіх і носіць аздараўляльны і жартаўлівы характар. Дыстанцыя для забегу складзе 1 кіламетр. Першыя 50 бегуноў, якія пройдуць рэгістрацыю, бясплатна атрымаюць на старце валёнкі, якія змогуць пакінуць сабе пасля фінішу.
“Зімовыя бегавыя гульні” пройдуць у Мінску з 9 па 11 лютага. Яны прадугледжваюць маштабныя прабежкі ў красоўках, на каньках, на лыжах і нават на трэнажорах. Удзельнікі імпрэзаў дапамогуць дзецям з інваліднасцю — кожны пераадолены кіламетр дыстанцыі кампанія velcom перавядзе ў рублі. Сабраныя сродкі пойдуць у Маладзечанскую спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку і ў Маладзечанскую санаторную школу-інтэрнат для дзяцей, хворых на скаліёз.