Беларус беларусу: каму можна аддаць свае падаткі ў Польшчы і Літве

Дапамагаць сваім можна не толькі данатамі

Дапамагаць сваім можна не толькі данатамі / @rubanau_collage

Беларусы, якія жывуць у Польшчы і Літве, могуць самастойна запаўняць свае падатковыя дэкларацыі і ахвяраваць 1,5% у Польшчы ці 1,2% у Літве сваіх падаткаў на дабрачыннасць. Гэта прыкладна 20-30 еўра пры атрыманні сярэдняга заробку ў гэтых краінах.

Чым гэта адрозніваецца ад данату? Гэта грошы, якія цягам мінулага году падаткаплацельшчыкі ўжо ўсё адно сплацілі. Аднак цяпер могуць самі вырашыць, на якую менавіта дабрачыннасць яны пойдуць. І тут адчыняецца скарбонка з беларускімі ініцыятывамі.

Еўрарадыё расказвае, як і каму можна дапамагчы не толькі данатам.

Як пералічыць свае падаткі?

Беларусам у Польшчы пры запаўненні дэкларацыі на сайце podatki.gov.pl неабходна выбраць пункт пра перавод часткі падаткаў грамадска карысным арганізацыям. Далей увесці дадзеныя арганізацыі ці фонда, якім хочуць пералічыць грошы. Пасля гэтага дэкларацыю можна падаваць.

Жыхарам Літвы падаваць дэкларацыю трэба праз сайт deklaravimas.vmi.lt. Пасля рэгістрацыі можна абраць адмысловую форму для таго, каб накіраваць падтрымку НДА. Туды трэба ўпісаць код атрымальніка, мэту падтрымкі, памер падатку (1,2%) і перыяд, на працягу якога частка падаткаў будзе пералічвацца таму ці іншаму медыя. Гэтае рашэнне заўсёды можна змяніць.
 

Каму можна пералічыць? Прыводзім некалькі прыкладаў

Беларус беларусу: каму можна аддаць свае падаткі ў Польшчы і Літве
Моладзевы хаб / t.me/polskastudent

Хаб аб’ядноўвае розныя ініцыятывы: заняткі Беларускай музычнай школы, школы танцаў "Яварына", хору "Ясакара" і "Касары", выступы Варшаўскага Вольнага Аркестра і гурта "Lity Taler", беларусы пішуць лісты палітвязням, вучаць польскую мову, чытаючы кніжкі з "Czytam z Tobą", беларускі збіраюцца на сустрэчы жаночага клубу "ЯЁсць", праходзяць тусоўкі моладзевай арганізацыі "Суполка", гульні "Што? Дзе? Калі?".

Цэнтр Беларускай салідарнасці — дабрачынная арганізацыя, якая ў Польшчы прадстаўляе юрыдычныя кансультацыі, аказвае валанцёрскую дапамогу і гэтак далей.

“Кожны дзень мы дапамагаем беларусам і ўкраінцам, якія былі вымушаныя пакінуць свае дамы і пераехаць у Польшчу”, — гаворыцца на сайце цэнтру.  

Вольны хор — адзін з сімвалаў беларускага пратэсту. Дзякуючы яму ў розных кутках Мінска і Беларусі гучалі песні супраціву, а беларусы вывучылі знакамітыя песні "Пагоня" і "Магутны Божа". Шмат хто з удзельнікаў Вольнага хору быў вымушаны з'ехаць з Беларусі праз пераслед і пагрозу арышту. Ад канца чэрвеня 2021 года хор працягвае сваю дзейнасць у Польшчы, ладзіць шматлікія канцэрты і гастролі.

Сярод праектаў Хору — Мастацкая школа імя Міколы Равенскага.

“Наша школа была створана ў лютым 2022 года ў Варшаве для дзяцей з беларускіх семяў, якія былі вымушаны з’ехаць з Беларусі. Спачатку быў створаныі дзіцячы хор і тэатральная група і наша школа стала ратункам для дзяцей, якія знайшлі тут сяброў і магчымасць творча развівацца. З цягам часу школа пашыралася і ўжо сёння налічвае каля 60 вучняў і 9 творчых напрамкаў: хор, ансамбль, тэатр, лiтаратура, вакал, фартэпіяна, гітара, сальфеджыа”, — пішуць пра школу яе стваральнікі.

СМІ

Пра падобную дапамогу таксама заявілі некаторыя СМІ: “Зеркало”, “Реформ.бай”, “Hrodna.life”.


Новая Беларусь і ініцыятыва “Будуй сваё”

Асобнай увагі заслугоўвае каманда “Новай Беларусі” і ейная ініцыятыва “Будуй сваё”. Свае адсоткі з падаткаў можна пералічыць ім, а потым пасля адмысловага конкурсу праектаў пераможцаў прафінансуюць за гэтыя сродкі.

“Будуй сваё” — гэта другі сезон праекту па лічбавым самакіраванні “Новай Беларусі”, дзе беларусы і беларускі скідваюцца падаткамі (ці ўнёскамі) і ідэямі, а потым самі вырашаюць, якія з іх рэалізаваць. Бо галоўная суперсіла беларусаў і беларусак — гэта яны самі. І, сабраўшыся разам, яны могуць самастойна, за свае грошы, без дапамогі фондаў, грантаў ці донараў, запускаць праекты, якія вырашаюць агульныя праблемы”, — пішуць пра ініцыятыву прадстаўнікі “Новай Беларусі”.  

“Новая Беларусь” звяртае ўвагу, што летась больш за 260 беларусаў і беларусак Польшчы і Літвы сабралі каля 47 000 еўра. На гэтыя грошы ўжо зрабілі бібліятэку ў Вільні, а ў Польшчы — ствараюць сайт па сапраўднай гісторыі Беларусі.
 

Як дапамагчы Еўрарадыё?

Нас, дарэчы, таксама можна падтрымаць, але па больш класічнай схеме. Калі вам падабаецца тое, што мы робім, то падзякаваць нам за нашую працу можна праз Patreon.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі