У МЗС абмеркавалі "актуальнае становішча" Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі
21 снежня ў МЗС Беларусі абмеркавалі "актуальнае становішча" Рымска-каталіцкай царквы ў нашай краіне. У сустрэчы ўдзельнічалі міністр замежных спраў Уладзімір Макей, апостальскі нунцый, арцыбіскуп Антэ Ёзіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, арцыбіскуп Юзэф Станеўскі. Прэс-служба знешнепалітычнага ведамства адзначае, што гаворка ішла пра "ўзаемадзеянне" Ватыкана і афіцыйнага Мінска і пра нейкія іншыя пытанні.
Восенню ўдзельнік сустрэчы арцыбіскуп Станеўскі абяцаў маліцца аб паскарэнні амністыі для зняволеных у Беларусі. Ці ішла цяпер гаворка пра палітвязняў — невядома. З аднаго боку, уладам патрэбна палітычная лаяльнасць Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, з іншага — не выключана наяўнасць надзеі на магчымае пасярэдніцтва пантыфіка ў спробах афіцыйнага Мінска дамагчыся зняцця заходніх санкцый.
У МЗС бакі "пацвердзілі імкненне да ўмацавання міжканфесійнага дыялогу", а таксама да "актывізацыі супрацоўніцтва ў розных сферах для дасягнення далейшай станоўчай дынамікі ўзаемадзеяння". Макей пажадаў арцыбіскупу Станеўскаму "доўгай і плённай працы на новай пасадзе" (ён прызначаны ў верасні 2021-га).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.