Каталіцкай царкве Беларусі прызначаны новы кіраўнік

Юзэф Станеўскі / catholic.by​
Юзэф Станеўскі / catholic.by​

Новым арцыбіскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі стаў Юзаф Станеўскі, паведамляе прэс-служба Ватыкана. 

Ранейшага кіраўніка Тадэвуша Кандрусевіча пасля пратэстаў у жніўні 2020 года спачатку не пускалі ў Беларусь, затым адправілі ў адстаўку ў сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту. Пасля Кандрусевіча часовым апостальскім адміністратарам быў біскуп Казімір Велікаселец

Станеўскі нарадзіўся ў 1969 годзе ў вёсцы Заневічы пад Гроднам, вучыўся ў ваенна-тэхнічнай акадэміі, у Гродзенскай духоўнай семінарыі. Затым паступіў у Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт у Польшчы, дзе атрымаў ступень магістра кананічнага права.

Пасвечаны ў святары ў 1995 годзе. З 2005 года быў рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У 2013 годзе Папа Францішак прызначыў Станеўскага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. У 2015 годзе ён стаў генеральным сакратаром Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

13 жніўня 2020 года ў сваім блогу Станеўскі параўнаў тое, што адбываецца ў Беларусі, з братазабойствам Каінам Авеля: "Што мы робім з сынамі і дочкамі нашай Маці-Беларусі?"

Біскуп нагадаў тады пра неабходнасць міласэрнасці і заклікаў да прабачэння: "Дараваць? Так!!! Як? Паводле вучэння Ісуса Хрыста і па яго прыкладзе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі