У Нацыянальным аэрапорце "Мінск" затрымалі расіянку з валізай срэбра
Адзінаццаць з паловай кілаграмаў ювелірных вырабаў затрымалі супрацоўнікі мытні "Мінск-2", якія везла з сабой грамадзянка Расіі. Ювелірныя вырабы яна везла без дэкларацыяў і выплаты мытных плацяжоў, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Ураджэнка Карэліі прыляцела ў Нацыянальны аэрапорт "Мінск" авіярэйсам "Кіеў — Мінск". Яна скарысталася "зялёным" калідорам, прызначаным для перамяшчэння тавараў, якія не падлягаюць абавязковаму пісьмоваму дэклараванню.
Але ў мытнікаў падазрэнне выклікалі выгляд і вага яе валізы. Яны прапанавалі жанчыне прайсці "чырвоным" калідорам. Пасля праверкі сканера было прынятае рашэнне аб правядзенні мытнага надгляду.
Сярод асабістых рэчаў падарожніцы мытнікі выявілі партыю ўпрыгожванняў і аксесуараў са срэбра, расфасаваных у пакецікі. Там было больш за тысячу адзінак брошак, ланцужкоў, запінак, заціскаў, гузікаў, спражак, зашпілак ды іншых прадметаў.
Гаспадыня багажу патлумачыла, што набыла партыю ювелірных вырабаў у Турцыі і планавала іх прадаць. На жанчыну пачалі адміністрацыйную справу.