У Нарачы адкрылі мемарыяльную шыльду ў памяць пра Марыю Качыньскую

У Нарачы адкрылі мемарыяльную шыльду ў памяць пра Марыю Качыньскую

22 жніўня ў касцёле святога Андрэя Апостала ў аграгарадку Нарач Мядзельскага раёна адкрылі мемарыяльную шыльду ў памяць пра жонку польскага прэзідэнта Марыю Качыньскую, перадае БЕЛТА. Жанчына загінула пры крушэнні Ту-154 пад Смаленскам.

Памятная шыльда зробленая ў выглядзе разгорнутай кнігі, паўзверх якой ляжыць крыж. На адной старонцы па-польску, на другой — па-беларуску напісана, што ў гэтым касцёле хрысцілі будучую жонку Леха Качыньскага Марыю.

Памятны знак усталяваны з ініцыятывы польскай амбасады. Рашэнне пра стварэнне шыльды было прынятае каля года таму.

"Наш раён багаты вядомымі людзьмі, і Марыя Качыньская — адна з іх. Увекавечанне яе памяці дасць магчымасць не толькі паляпшаць, рабіць больш адкрытымі добрасуседскія адносіны паміж польскім і беларускім народамі, але і надасць пэўны імпульс развіццю турызму, напрыклад рэлігійнага, гістарычнага", — мяркуе старшыня Мядзельскага райвыканкама Анатоль Вайнілка.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі Польшчы, у тым ліку віцэ-маршал Сейма Рышард Тэрлецкі.

Марыя Качыньская загінула ў красавіку 2010 года на ўрадавым самалёце Польшчы. На борце было 96 чалавек, якія прадстаўлялі вышэйшае кіраўніцтва краіны. Яны ляцелі на ўшанаванне памяці палякаў, расстраляных у Катыні пад Смаленскам. Усе пасажыры і экіпаж загінулі пры авіякатастрофе. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі