У нашых герояў былі б іншыя гісторыі. Але Расія напала на Украіну

Беларускія добраахвотнікі ва Украіне / фота з архіва суразмоўніка Еўрарадыё
Героі Еўрарадыё бачылі вайну, удзельнічалі ў ёй, жылі ў ёй, пратэставалі супраць яе і дапамагалі яе ахвярам. Адзін з нашых герояў не вярнуўся з вайны.
У гадавіну напада Расіі ва Украіну мы хочам нагадаць вам гэтыя гісторыі.
Шведскі добраахвотнік набыў вясковы домік ва Украіне
Раўта — шведскі добраахвотнік, ён ваяваў ва Украіне ў складзе Другога Інтэрнацыянальнага легіёна. А ў Харкаўскай вобласці было месца, куды ён мог вяртацца пасля баёў.
Раўта купіў невялікі вясковы дамок у 53-х кіламетрах ад фронту. Патрабаванне да дома было адно: ён павінен знаходзіцца на дэакупаванай тэрыторыі.
“Мне захацелася, каб тут, ва Украіне, у мяне было месца, якое я змагу назваць домам”, — расказваў нам Раута.
Ён планаваў, што на суседняй рэчцы ў будучыні можна будзе займацца каякінгам. Але Раўта не вярнуўся з вайны — ён загінуў у 2024 годзе, абараняючы Украіну.
"Сынок, прыснілася, што ты галодны": добраахвотнік паказвае перапіскі з мамай
Віталь (імя змененае) вучыцца ў польскім універсітэце і жыве ў інтэрнаце. Яго мама думае, што ён вучыцца ў польскім універсітэце і жыве ў інтэрнаце.
Але год таму ў Віталя быў пазыўны "Штанга". Ён служыў ва ўкраінскай разведцы і хадзіў на штурмы. А яго маці думала, што ён працуе на заводзе ў Польшчы. А не высыпаецца, бо ходзіць на завод у ранішнюю змену.
За дзень да першага баявога выхаду мама напісала Віталю:
"Сынок, мне прыснілася, што табе холадна і што ты галодны".
Яму стала не па сабе, але ён адказаў маме: "Усё норм, іду на першую змену".
Яго маці дагэтуль не ведае, дзе Віталь прабыў мінулы год.
Гэта адна з гісторый для праекта Еўрарадыё "Як ты?"
Беларускія добраахвотнікі і валанцёры ва Украіне даюць вам зірнуць на свае перапіскі з блізкімі. І расказваюць пра тое, чаго не гавораць, калі на ўсе пытанні адказваюць “Норм”.
На вайне было прасцей
Часам "Ціхі" слаў дадому фотаздымкі "з нейтральным фонам". Яго сям'я думала, што гэты "нейтральны фон" — Варшава. Насамрэч большасць фота зробленая на поўдні Украіны. Беларускі добраахвотнік удзельнічаў у аперацыях, пра якія вы чыталі ў навінах, — у вызваленні Херсоншчыны, у летнім контрнаступе Украіны.
— Пасля выбуху чуеш толькі піск у вушах. А калі ачомваешся, спрабуеш зразумець: што ў цябе яшчэ ёсць, а чаго ўжо няма. І разумееш, што нечага больш няма.
Дзякуючы дапамозе фонда Protez Foundation ён ужо не толькі ходзіць, але бегае, займаецца спортам і падарожнічае па Афрыцы.
Пачытайце гісторыю гэтага мужнага маёра УСУ.
Беларуска дапамагае ўкраінцам, а яе дзеці не ведаюць, што ў Кіеве вайна
Шматдзетная маці Марына Кіявец пераганяе з Польшчы машыны для ўкраінскіх вайскоўцаў. Яе малодшыя дзеці не ведаюць, што ў Кіеве, куды раз на месяц ездзіць маці, ідзе вайна.
— Я не кажу ім падрабязнасцяў, каб яны не турбаваліся. Яны дастаткова перажылі, калі бачылі, як мяне затрымліваюць беларускія сілавікі. Але старэйшы… Ён усё разумее.
Марына перачытвае перапіскі з дзецьмі. Калі яна ў дарозе, яны намагаюцца не трывожыць яе лішні раз званкамі, але ўвечары абавязкова спісваюцца: “Люблю вас” — “І мы цябе”.
Але ёй самой патрэбная дапамога. У аднаго з сыноў Марыны — аўтызм. Дапамагчы хлопчыку інтэгравацца можна тут.
Жыццё за 30 кіламетраў ад фронту: "Быццам стаіш ля высакавольтнай лініі"
Юрый Быстрык жыве ў Сумах. Ад яго дома да Расіі — каля трыццаці кіламетраў. Калі мы дамаўляемся на інтэрв'ю, Юрый шукае "акенца". Але не ў раскладзе — проста, каб стэлефанавацца, трэба падгадаць, калі ў горадзе будзе электрычнасць. Праз частыя абстрэлы часам выключаюць святло.
Юрый — навуковы супрацоўнік Інстытута прыкладной фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. Больш за два гады таму, 23 лютага 2022 года, ён атрымаў запрашэнне папрацаваць у адным з еўрапейскіх універсітэтаў. Але адчуваў, што ні ў які ўніверсітэт ужо не паедзе.
У ноч з 23 на 24 лютага разам з жонкай ён вяртаўся ад сваякоў.
— Я сказаў жонцы: такое цудоўнае надвор'е. Так пахне вясной. Напэўна, заўтра вайна. Я памыліўся на адзін дзень. Вайна пачалася ў тую ж ноч.
Чаму людзі не з'язджаюць з прыфрантавых гарадоў? Юрый нам усё патлумачыў.
Гэтая беларуска адна выйшла на пратэст супраць вайны
На трэці дзень поўнамаштабнай вайны ва Украіне Ксенія Каменка выйшла на адзіночны пратэст. Ёй было ўсяго 22 гады. Дзяўчына тры дні без перастанку чытала навіны, адказвала на паведамленні кіеўскіх сяброў.
У яе не было магчымасці дапамагчы людзям, якія прачнуліся пад бамбёжкамі. І яна зрабіла адзінае, што магла — выйшла на адзіночны пікет з лісточкам А4, на якім было напісана "Не вайне ва Украіне!".
"Я ўзяла плакат, выйшла ў цэнтр горада і ўстала пасярэдзіне плошчы ў Гродне", — расказвае нам Ксенія.
Як валанцёры дапамагаюць украінцам аднаўляць дамы пасля расійскай акупацыі
Repair Together — адна з украінскіх ініцыятыў, накіраваная на дапамогу ва ўзнаўленні пасёлкаў, якія пацярпелі пасля расійскай акупацыі. Маладыя людзі арганізоўваюць талаку, разграбаюць і будуюць дамы, разам адпачываюць падчас прагляду кіно, праводзяць рэйвы і канцэрты.
Рэпартаж з вуліцы Беларускай, якую перайменавалі ў Каліноўскага (ёсць нюанс)
Мукачава — невялікі горад на захадзе Украіны. Адзін з некалькіх украінскіх гарадоў, у якіх больш няма вуліцы Беларускай — пасля пачатку поўнамаштабнай вайны яе перайменавалі ў вуліцу Кастуся Каліноўскага.
Еўрарадыё адправілася ў Мукачава, каб пагаварыць з жыхарамі гэтай вуліцы. Наша журналістка была гатовая сутыкнуцца з непрыязнасцю мясцовых жыхароў і на ўсялякі выпадак везла праз мяжу ўвесь арсенал аргументаў: ад лёгкага "але ж гэта не я ракеты запускаю" да цяжкай артылерыі "пра бітум".
І была крыху збянтэжаная, калі на былой вуліцы Беларускай ёй сказалі:
— Спадарыня, чаму я павінен вас ненавідзець? Вы што, асабіста гэтыя ракеты запускаеце?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.