У Навагрудку збіраюць грошы на помнік князю Міндоўгу (фота)

 У Навагрудку збіраюць грошы на помнік князю Міндоўгу (фота)

У Навагрудку плануюць паставіць помнік заснавальніку Вялікага Княства Літоўскага — Міндоўгу, які быў першым і адзіным каралём дзяржавы (каранацыя адбылася ў 1253 годзе). Для ўсталявання помніка на цяперашнім этапе патрабуецца сабраць 22 тысячы рублёў, піша TUT.by.

Рашэнне пра ўзвядзенне помніка Навагрудскі райвыканкам прыняў яшчэ ў 2012 годзе. Тады ж у конкурсе праектаў перамог эскіз беларускіх скульптараў Сяргея Бандарэнкі і Паўла Лука. Яны павінны былі працягнуць сумесную працу над помнікам. Але, як кажуць у райвыканкаме, сумесная праца так і не вялася.

У 2018 годзе рашэннем дзвюх мастацка-экспертных радаў (Гродзенскай абласной і рэспубліканскай) пераможцам конкурсу быў названы Сяргей Бандарэнка. Пасля чаго скульптар пачаў працу над праектам. 

Першы этап — выраб эскізнага праекта помніка (мадэль у пластыліне вышынёй да 35 см, візуалізацыя праекта на мясцовасці і план размяшчэння скульптуры). Кошт гэтых работ склаў 10 тысяч рублёў.

Паставіць помнік плануецца за пазабюджэтныя сродкі. Таму Навагрудскі райвыканкам адкрыў дабрачынны рахунак у банку. Па стане на 23 траўня 2019-га было сабрана 14 285,89 рубля. З гэтай сумы 10 тысяч рублёў выплацілі Бандарэнку за эскізны праект.

Цяпер трэба зрабіць працоўную мадэль помніка Міндоўгу, якую перададуць на Рэспубліканскую мастацка-экспертную раду. Папярэдні кошт мадэлі — 26 тысяч рублёў. На рахунку ёсць толькі 4 285,89 рубля — значыць, неабходна сабраць яшчэ амаль 22 тысячы.

Пасля мастацка-экспертнай рады пачнуцца будаўніча-мантажныя работы па ўзвядзенні помніка.

Спонсарскі рахунак

Аддзел культуры Навагрудскага райвыканкама.

УНП 500 031 377 у ЦБУ № 416 г. Навагрудак ф-л № 413 ААТ "АСБ Беларусбанк" г. Ліда.
БИК AKBBBY21413.
BY72AKBB36425210006224200000
(З пазнакай "На выраб помніка Міндоўгу")

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі