У Наваполацку маладыя маці атрымліваюць “дэкрэтныя” грошы па алфавіце

У Наваполацку маладыя маці атрымліваюць “дэкрэтныя” грошы па алфавіце

У Наваполацку “дэкрэтніцам” затрымліваюць дапамогу на дзяцей. Са сваімі супрацоўніцамі не можа разлічвацца гандлёвая сетка “Базіс”.

“Амаль палове маці не выплацілі грошы за жнівень, — распавядае Еўрарадыё навапалачанка Ганна. — 4 верасня будзе сход, дзе нам будуць тлумачыць, чаму не выплачваюць “дзіцячыя”. Хаця кожны месяц кажуць, што галоўная прычына ў нядобрасумленных арандатарах, якія спазняюцца з выплатамі. Адпаведна, спазняюцца з выплатамі і нам”.

“Базіс” — адно з самых старых прадпрыемстваў Наваполацка. Яшчэ пару гадоў таму гэта была паспяховая гандлёвая сетка. Крамамі быў ахоплены амаль увесь горад. Але на пачатку мінула года паліцы крамаў “Базіса” пачалі пусцець. Дайшло да таго, што набыць можна было хіба што запалкі, ваду ці піва… Кіраўніцтва гандлёвай сеткі тлумачыла эканамічныя праблемы немагчымасцю канкураваць з буйнымі канкурэнтамі: “Каронай”, “Еўраоптам” і іншымі.

У мінулым годзе ішла гаворка пра запуск у дачыненні да “Базіса” працэдуры банкруцтва. Але гэтага не адбылося.

У Наваполацку маладыя маці атрымліваюць “дэкрэтныя” грошы па алфавіце
Пустыя палічкі крамы

“У першую чаргу выплацілі шматдзетным маці, — дадае жанчына. — А калі мы запыталі пра астатніх, нам адказалі, што выплачваюць па алфавіце. Таму ўсё залежыць ад прозвішча: пашанцуе з грашыма ці не”.

Сёння ў дэкрэце каля 60 чалавек, выплат чакае палова з іх. Дапамога складае каля 320 рублёў на дзіця. Ёсць самотныя жанчыны, якія гадуюць дзяцей адны. З-за такой сітуацыі многія апынуліся ў пазыках і не ведаюць, як звязаць канцы з канцамі.

Галоўны бухгалтар ААТ “Базіс” Святлана Козел пацвердзіла Еўрарадыё, што праблема з выплатамі “дзіцячых” існуе.

“Выплаты не ў тэрмін у нас ёсць, — кажа яна. — Гэта звязана з тым што ў нас [цяпер] дэкрэтніц болей, чым работнікаў. Налічэнняў з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва недастаткова для выплаты дапамогі. Атрымліваецца, што мы дадаткова павінны ўкладваць грошы. А ў нас праблемы ў арганізацыі. Ёсць запазычанасць перад бюджэтам. Але частку дапамогі мы ўжо выплацілі”.

Колькі жанчынам чакаць канчатковага разліку, Еўрарадыё не адказалі. На прадпрыемстве патлумачылі, што выплаты адбываюцца па меры паступлення сродкаў. Маладым маці плацяць “дэкрэтныя” з грошай, якія “Базіс” атрымлівае за арэнду сваіх памяшканняў. Сёння асноўны арандатар — віцебская сетка крамаў “Веста”.

Што рабіць у такой сітуацыі?

Еўрарадыё пацікавілася ў юрыста з Полацка Віктара Стукава.

“Не трэба чакаць, пакуль доўг дасягне нейкіх буйных памераў, — кажа ён. — Як на любым прадпрыемстве, у“Базіса” ёсць прафсаюз, які абавязаны бараніць сацыяльна-эканамічныя правы сваіх сяброў. Іншая справа, што нашы прафсаюзы залежаць ад наймальніка і неэфектыўныя”.

На думку Стукава, тое, што кіраўніцтва апраўдваецца складаным эканамічным становішчам, — звычайная справа. Так яно прыкрывае свае вытворчыя праблемы грашыма супрацоўніц.

“Калі гэтыя выплаты гарантаваныя, і наймальнік кажа, што гатовы выплаціць, але няма грошай, дык трэба ўзяць даведку ад наймальніка (за подпісам дырэктара і бухгалтара), што такія выплаты гарантаваныя, і ісці да натарыуса, — дадае юрыст. — Там выпішуць натарыяльную пастанову аб зняцці гэтых грошай і пералічэнні жанчынам. Гэтую пастанову перадаць дырэктару, а калі выплат не будзе, дык ісці ў аддзел прымусовага выканання, які спіша сродкі з рахунка прадпрыемства”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі