У Нясвіжскім замку аднавілі тэрасу XIX стагоддзя (фота)

Сярод дробных недакладнасцяў — вазы, дзе раней раслі кветкі, запаялі жалезам, а да агароджы дадалі новыя элементы.
Гэтую тэрасу-ганак збудавалі Антоні Радзівіл з жонкай Марыяй дэ Кастэлян у так званы “апошні перыяд аднаўлення замка”, які прыпаў на 1870-80-я гады. Дагэтуль, больш за 60 гадоў, замак стаяў у занядбанні — пасля таго, як у 1812 годзе Дамінік Радзівіл перайшоў з жаўнерамі на бок Напалеона, даслужыўся да палкоўніка і нават стаў ад’ютантам Банапарта, расіяне не даравалі гэтага Радзівілам і забаранілі вяртацца ў Нясвіж, разрабаваўшы замак ушчэнт.

У пачатку 1870-х Антоні Радзівіл атрымлівае дазвол на вяртанне — прадае свой палац у Берліне ды едзе аднаўляць родавае гняздо. Пабудова тэрасы адносіцца якраз да гэтага часу. Такая была адметнасць Нясвіжскага замка — кожны наступны Радзівіл не разбураў створанае продкамі, але дадаваў да замка нешта сваё: галерэі, мост, балкон, тэрасу, прыбудовы…

Гэтая тэраса запомніла прынцаў і курфюрстаў, двух кіраўнікоў Польшчы, князёў, графаў ды усю важную беларускую шляхту. Шмат здымкаў тэрасы мы маем з 1911 года, калі Тэрэса Радзівіл брала шлюб з Губертам Любамірскім — і групавыя здымкі адбываліся менавіта на тэрасе: яна змясціла каля 90 чалавек!..


 1911 год, вяселле Тэрэсы Радзівіл і Губерта Любамірскага

Тэраса пратрывала да Другой сусветнай вайны. Хто і нашто яе разабраў, незразумела, але на паваенных здымках тэрасы ўжо няма.

Цяпер тэраса адноўленая. Можна сказаць — практычна дасканала. Разглядаючы старыя здымкі, уважлівы чытач знойдзе ўсяго два дробныя адрозненні (гл. ніжэй)… Увогуле ж, адноўленая тэраса — рэдкі выпадак за апошнія гады рэстаўрацыі замка, калі рэстаўратараў і будаўнікоў можна згадаць добрым словам. Як прыклад адваротнага — знішчэнне старога замкавага моста, пра якое мы пісалі на мінулым тыдні…

Чалавекам, які парадаваўся аднаўленню тэрасы найбольш, ёсць 92-гадовая Эльжбета Радзівіл, якая жыве ў Варшаве, а ў мінулым годзе пасля доўгай разлукі наведала Нясвіж. Пані Эльжбета — апошні чалавек на Зямлі, для якой Нясвіжскі замак — родны дом. Калі мы пераслалі здымкі адноўленай тэрасы пані Эльжбеце, яна вельмі ўзрадвалася і сказала, што гэтым летам хоча падняцца на тэрасу — як і 80 гадоў таму…


Пачатак ХХ стагоддзя. Тэраса — справа на здымку.


Пачатак ХХІ стагоддзя. Тэраса адноўленая.


1911 год: групавыя здымкі на тэрасе


Аднавілі тэрасу практычна адзін у адзін






З недакладнасцяў: у сапраўднай тэрасе вазы выконвалі сваю функцыю — у іх раслі кветкі


Цяпер вазы запаяныя жалезам


У старой тэрасе агароджа стаяла ніжнім краем адразу на аснове тэрасы


Цяпер яе паставілі на нейкія "шашачкі"


1911 год: сямейнае фота на тэрасе.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі