У Оршы жанчыны нараджаюць проста ў аўтамабілі хуткай дапамогі

Радзільня закрыта на рамонт ужо два гады, і парадзіх даводзіцца вазіць за 16 км у суседні горад. Такая ж сітуацыя і ў Брэсце. Нягледзячы на тое, што ў краіне дэмаграфічны бум, але радзільні чамусьці не працуюць. Пры тым, што гэта даволі вялікія гарады.

Намеснік галоўнага лекара Людміла Бірукова не бачыць у гэтым вялікай праблемы: за 38 год будынак настолькі састарэў, што без рамонту нельга ўжо было працаваць. Але ніхто не мог уявіць, што будаўнічыя работы так зацягнуцца. Людміла Бірукова і сама не ведае, калі адкрыецца радзільня.


На пытанне Еўрарадыё, дзе ж цяпер нараджаюць аршанкі, намеснік галоўнага лекара расказала: усіх вязём у суседняе Дуброўну, што знаходзіцца ў 16 км ад Оршы.


Людміла Бірукова: Радзільнае аддзяленне ідзе на базе раённай бальніцы горада Дуброўна. А калі жанчына заслугоўвае больш пільнай увагі, тады адпраўляем яе на Віцебск (гэта 78 км ад Оршы). Штодзённа ў 12 гадзін мы з Оршы адпраўляем машыну хуткай дапамогі на Віцебск, і ўсе каму патрэбна, едзе на медыцынскім транспарце.


Яшчэ два гады таму ў Дуброўне не было радзільнага аддзялення. Толькі пасля закрыцця аршанскага вырашана было разгарнуць на базе суседняга гінекалагічнага аддзялення – радзільнае. Людміла Бірукова запэўніла: ніхто з медыцынскага персаналу не згубіў сваё працоўнае месца. Кожны дзень у Дуброўну іх возіць аўтобус. Пытанне, ці памяшчаюцца зараз усе парадзіхі ў палатах, ёй падалося дзіўным.


Людміла Бірукова: У радзільным аддзяленні ніхто і ніколі не ляжаў на калідоры. У нас тут добра: вялікая тэрыторыя, два паверхі. У нас заўсёды ёсць вольныя месцы. Сёння іх 4. А ўвогуле, у нас 60 ложкаў.


Паводле слоў адміністрацыі, часовыя цяжкасці не бянтэжаць парадзіх. Сёлета нарадзіліся 755 дзяцей і гэта на 105 больш, чым у 2002 годзе. Акрамя таго, што роды прымаюць у дубровенскай радзільні, ёсць і тыя, хто нараджае па дарозе ці дома, але ўжо самастойна. Такіх своеасаблівых родаў у гэтым годзе было 10. Калі не паспеюць давезці да гінекалагічнага аддзялення ў Оршы (там прымаюць роды ў экстранных сітуацыях), тады месцам нараджэння дзіцяці можа стаць і аўтамабіль.


Людміла Бірукова: Адна жанчына нарадзіла ў нас двойню дома. Праўда, гэта былі чацвёртыя ці пятыя роды. Так атрымалася. Жаданне ці не… не ведаю, мабыць, жанчына не паспела.


Такога павароту падзей баіцца і будучая маці Сняжана з Оршы. Зараз яна знаходзіцца на 35-м тыдні, і дзіця можа нарадзіцца ў любы момант. Яе лекуючы доктар нават і не гаварыў дзяўчыне, дзе яна будзе нараджаць.


Сняжана: Канешне, хвалююся. Добра, калі паспеюць завезці на Віцебск, дзе добрае абсталяванне і больш прафесійныя лекары, а калі не… Я нават не ведаю, якія ўмовы ў Дуброўне.


Калі насельніцтва ў Оршы 125 тысяч, то ў Брэсце амаль у тры разы больш. Але ложкаў для парадзіх таксама 60. З лютага абласная радзільня зачынена на рамонт, і жанчыны зараз нараджаюць у старым будынку мінулага раддому. Намеснік галоўнага лекара Галіна Алешчанка расказала Еўрарадыё, што частку парадзіх прымае яшчэ і кобрынскі радзільны дом.


Галіна Алешчанка: Мы функцыянуем так, як і раней. Аказваем дакладна такую ж медыцынскую дапамогу і прымаем усіх жанчын Брэста і Брэсцкай вобласці. У нас усе ляжаць у палатах - як цяжарныя, так і тыя, хто нарадзіў. Іншая справа, што раней мы клалі іх па 2 чалавекі, часам па 3, то цяпер па 4-5.


У Міністэрстве аховы здароўя так і не змаглі адказаць на пытанне, колькі радзільных дамоў у Беларусі закрыта на рамонт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі