У палітзняволенай Наталлі Хершэ знік дзённік, які яна вяла за кратамі
Грамадзянка Швейцарыі, беларуская палітзняволеная Наталля Хершэ напісала ў лісце, што яе павінны вызваліць, з улікам пераразліку дзён у следчым ізалятары, 27 студзеня 2023 года, паведамляе Радыё Свабода. Яна расказала і пра тое, як сябе адчувае ў магілёўскай турме № 4, куды ў канцы верасня яе перавялі з гомельскай жаночай калоніі. Хершэ пасялілі адну ў камеры на шэсць месцаў, "далі добрую бялізну, добрую коўдру, але ў камеры прахалодна, пакуль не паляць".
Наталля Хершэ заўважыла, што пасля пераезду з калоніі ў яе зніклі некаторыя рэчы. Сярод іх — дзённік, які яна вяла ў СІЗА на Валадарскага і ў Жодзіне, у калоніі, партрэты, якія яна малявала, сшыткі з яе пазнакамі падчас чытання кнігі "Архіпелаг ГУЛАГ" і нават чыстыя аркушы паперы.
"Вельмі хочацца даведацца вольныя навіны, таму і чакаю амбасадара [Швейцарыі], — піша палітзняволеная. — Чула па радыё пра сітуацыю з уцекачамі...".
Хершэ — грамадзянка Швейцарыі беларускага паходжання. Летась яна была асуджана ў Мінску на 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму за супраціў сілавіку — падчас жаночага маршу ў верасні 2020-га сарвала з яго балаклаву. Сваю віну не прызнала. Улады Швейцарыі настойваюць на вызваленні сваёй грамадзянкі.
Тройчы Наталлі Хершэ прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але яна адмовілася: "Напісаўшы на памілаванне, я растаптала б сябе духоўна".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.