У Польшчы аўтобус з беларускімі турыстамі трапіў у смяротную аварыю
У Падкарпацкім ваяводстве Польшчы аўтобус з беларускімі турыстамі трапіў у смяротную аварыю. Як паведамляе радыё "Свабода", у аўтобусе ехалі лыжнікі і сноўбардысты з Беларусі.
Здарэнне адбылося каля 17-й гадзіны па мінскім часе (каля 15-й па Варшаве) у мясцовасці Дамастава. Падкарпацкая паліцыя паведамляе, што на трасе DK-19 сутыкнуліся тры аўтамабілі — фура, легкавік і аўтобус. Спачатку фуру DAF занесла, і яна ўрэзалася ў Hyundai, у якім было 4 чалавекі. Кіроўца аўтобуса MAN, які перавозіў беларусаў, спрабаваў унікнуць сутыкнення з легкавіком. У выніку аўтобус з'ехаў з дарогі і перакуліўся.
Згодна з паведамленнем паліцыі, у аварыі загінулі дзве асобы: 44-гадовы кіроўца Hyundai і 39-гадовая жанчына, якая таксама знаходзіліся ў легкавіку. Яшчэ дваіх пасажыраў Hyundai — 11 і 2 гадоў — даставілі ў шпіталь.
У аўтобусе знаходзілася 56 беларусаў. Ніводзін з іх не пацярпеў. Як паведаміў радыё "Свабода" адзін з пасажыраў аўтобуса, некалькі гадзін беларусы правялі ў сядзібе пажарнай службы. Пасля іх забраў іншы аўтобус, і яны працягнулі падарожжа.