У прыгарадзе Парыжа невядомы захапіў у закладнікі сям'ю паліцэйскага

У прыгарадзе Парыжа невядомы захапіў у закладнікі сям'ю паліцэйскага

Французскі спецназ узяў штурмам дом у прыгарадзе Парыжа, дзе невядомы захапіў закладнікаў, перадае Бі-Бі-Сі. Нападнік пры штурме быў застрэлены, але перад гэтым ён забіў дваіх жыхароў дома — паліцэйскага і яго жонку.

Паведамляецца, што мужчына напаў на афіцэра паліцыі каля яго дома і дзевяць разоў ударыў яго нажом, ад чаго паліцэйскі памёр. Потым нападнік зачыніўся ў доме загінулага, узяўшы ў закладнікі яго жонку і трохгадовага сына.

Паліцыя вяла перамовы з мужчынам, аднак яны атрымаліся марнымі. Па звестках французскіх СМІ, спецназ пайшоў на штурм пасля таго, як захопнік напісаў у Твітары, што забіў аднаго з закладнікаў. Спецназу ўдалося выратаваць толькі сына паліцэйскага афіцэра.

У французскіх СМІ пішуць, што нападнік мог быць суседам забітага паліцыянта. Тым часам крыніцы ў паліцыі паведамілі, быццам падчас перамоваў захопнік паведаміў пра сваю адданасць тэрарыстычнай групоўцы "Ісламская дзяржава". Відавочцы распавялі следчым, што злачынец падчас нападу на паліцыянта крычаў "Алах Акбар".

Нагадаем, што ў гэтыя дні ў Францыі праходзіць чэмпіянат Еўропы па футболе. У Парыжы ды іншых гарадах дзейнічаюць павышаныя меры бяспекі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі