У рэгіёнах па валюту ўтвараюцца чэргі. Абменнікі працуюць "з абароту"

У аўторак беларускі рубель працягвае падзенне і ўсталёўвае новы “антырэкорд” — курс долара па Нацбанку — 17 836, а еўра — 20 474.

У абменніках Мінска па-ранейшаму людзей няшмат, валюта ёсць.

Але ў рэгіёнах, асабліва аддаленых раёнах Беларусі, пачалі знікаць долары і еўра.

У галоўным аддзяленні “Беларусбанка” Лунінца (Брэсцкая вобласць) Еўрарадыё расказалі, што долараў сёння нават не завозілі, а ў касах валюты няма.

“Працуем з абароту: нешта здаюць, нешта набываюць. Натоўп людзей стаіць, і я не магу вам гарантаваць, што калі вы прыйдзеце, то будуць грошы. Нехта аплачвае паслугі, нехта стаіць акурат па долары. Пакуль грошай няма, мо да 16.00 прывязуць, тады падыходзьце”, — кажуць у лунінецкім абменніку.

У некаторых дзяржаўных банках у Гомелі долараў і еўра няма. Тут таксама працуюць з абароту. Кліенты набываюць любую валюту, калі нехта яе здае.

У аддзяленні “Беларусбанка” ў Баранавічах, што на бульвары Штокераў, кажуць, што долараў хапае. Але ў абменніку шмат кліентаў, якія мяняюць рублі на валюту. Такая ж сітуацыя ў Гродне і Полацку.

“У нас шмат людзей стаіць, і большасць з іх акурат набывае долары”, — кажуць у аддзяленні “Беларусбанка” ў Гродне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі