У Салігорску 12 швачак уцягнулі ў "злачынную дзейнасць па фальсіфікацыі"

Кантралёры выявілі "супрацьпраўную схему"

Кантралёры выявілі "супрацьпраўную схему" / t.me/kgk_oficial/

Камітэт дзяржкантролю праверыў раённыя камбінаты бытавога абслугоўвання насельніцтва Мінскай вобласці і ў некаторых з іх выявіў фальсіфікацыі. З мэтай павелічэння аб'ёмаў аказаных паслуг насельніцтву камбінатамі афармляліся фіктыўныя індывідуальныя замовы ад насельніцтва на пашыў пасцельнай бялізны. Тым самым павялічвалася выручка ад паслуг, выконваліся "паказчыкі па тэмпах росту". У выніку раённыя камбінаты маглі прэтэндаваць на атрыманне бюджэтнага фінансавання.

Кантралёры прыводзяць прыклад, калі ў Салігорску ў "злачынную дзейнасць па фальсіфікацыі" было ўцягнута 12 швачак. Ім даваліся ўказанні выпісваць фіктыўныя квітанцыі аб пашыве бялізны па індывідуальных замовах.

Высветлілася, што раённыя камбінаты дзейнічалі па ўказанні кіраўніка Упраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва Мінскай вобласці. У далейшым аналагічныя факты фальсіфікацый выявілі ў Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

Як паведамляе КДК, "многія кіраўнікі раённых камбінатаў адмаўляліся выконваць незаконныя ўказанні і не ўдзельнічалі ў супрацьпраўнай схеме па фальсіфікацыі паказчыкаў". Да асобных з іх пасля ўжываліся розныя санкцыі з боку кіраўніцтва "за адмову ўдзельнічаць у фальсіфікацыях".

Па факце "перавышэння ўлады і службовых паўнамоцтваў" распачата крымінальная справа ў дачыненні да генеральнага дырэктара Упраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва Мінскай вобласці. 7 крымінальных спраў у дачыненні да 11 службовых асоб раённых арганізацый бытавога абслугоўвання насельніцтва распачатыя па выяўленых фактах "скажэння статыстычнай справаздачнасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі