У сеціве з'явілася відэа здзекаў з удзельнікаў жнівеньскіх пратэстаў
Фота носіць ілюстрацыйны характар / Еўрарадыё
Ініцыятыва экс-сілавікоў апублікавала відэаролік, на якім бачна, што адбывалася з затрыманымі ўдзельнікамі жнівеньскіх пратэстаў у адным з мінскіх РУУС. Сцвярджаецца, што падзеі адбываюцца ў Фрунзенскім РУУС.
Месца дзеяння — спартыўная зала, дзе абшукваюць і дапытваюць затрыманых людзей. У першым эпізодзе дзяўчына даглядае заплечнік, гаспадар якога ў гэты час ляжыць тварам у падлогу са сцягнутымі за спінай рукамі. Ён вымушаны апраўдвацца, чаму сярод яго рэчаў ёсць каска.
"У мяне была каскетка, таму што я працую галоўным інжынерам і хаджу па будаўнічых аб'ектах", — тлумачыць мужчына.
У іншым эпізодзе хлопцу, які ляжыць на падлозе са звязанымі рукамі, супрацоўнік міліцыі прапануе аблізаць палку. У трэцім сілавік б'е звязанага мужчыну ў жывот, патрабуе адказваць на пытанні і кажа, што ад маўчання будзе толькі горш: "Ныркі дзве, а жыццё адно". У гэты ж час на заднім плане яго калега б'е дубінкай іншага затрыманага — звязанага на падлозе.
Яшчэ адзін з затрыманых спрабуе растлумачыць супрацоўніку міліцыі, што не ўдзельнічаў у масавых мерапрыемствах, проста гуляў. У нейкі момант ён не вытрымлівае, зрываецца ў плач. На пытанні ён адказвае, стоячы на каленях, рукі звязаныя.
"На дадзеным відэа зафіксаванае бесчалавечнае злачыннае стаўленне да затрыманых асоб", — так пракаментавалі апублікаванае відэа ў ініцыятыве экс-сілавікоў. Ініцыятыва звярнулася да першага намесніка старшыні Следчага камітэта Алега Шандаровіча, які курыруе пытанні папярэдняга следства, з прапановай адрэагаваць на апублікаваныя кадры.
Раней Фрунзенскае РУУС ужо фігуравала ў прэсе ў сувязі з асаблівым стаўленнем да затрыманых. У прыватнасці, 15 лістапада пад сценамі гэтага ўпраўлення ў Мінску валанцёры чулі крыкі. Пазней затрыманыя, якія былі ў той дзень у РУУС, распавядалі пра мужчыну, які пасварыўся з супрацоўнікамі міліцыі. Яго нібыта адвялі ў прыбіральню, білі і акуналі галавой ва ўнітаз.
Экс-кіраўнік Фрунзенскага РУУС Алег Гайдукевіч тады сказаў у інтэрв'ю "Нашай Ніве", што не можа ў гэта паверыць.
"Мая пазіцыя з 9 жніўня: ніякі гвалт нідзе не дапушчальны. Таму трэба па кожным факце пісаць заяву і індывідуальна разбірацца. І ў гэтым павінная быць зацікаўленая ў першую чаргу дзяржава, каб да яе быў давер", — сказаў тады Гайдукевіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.