У сенатары вылучылі ваенкама, які атрымаў "зарад энергіі" ад Лукашэнкі

Андрэй Крываносаў

Андрэй Крываносаў

У чальцы Савета Рэспублікі ад Нараўлянскага раёна вылучылі ваеннага камісара Гомельскай вобласці Андрэя Крываносава, піша "Прыпяцкая праўда". Палкоўнік атрымаў шырокую вядомасць у 2021 годзе, калі наведаў Усебеларускі народны сход, а затым на камеру падзяліўся "з вайскоўцамі Гомельскага гарнізона зарадам энергіі і рашучасці, атрыманых ад Галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Рэспублікі". Лукашэнка на УНС, са слоў Крываносава, паціснуў яму руку.

У чальцы Савета Рэспублікі гомельскага ваенкама вылучыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Кузьмянкова. Паводле яе слоў, Крываносаў — "прыклад доблесці і служэння Айчыне", мае ўзнагароды, у тым ліку "За бездакорную службу" і "За выдатнасць у ахове грамадскага парадку". На пасяджэнні мясцовых органаў уладаў, дзе абмяркоўвалі кандыдатуру ваенкама, казалі, што ён "чалавек справы, які мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, захоўвае воінскія традыцыі і робіць унёсак у патрыятычнае выхаванне новага пакалення". У выніку яго вылучэнне падтрымалі аднагалосна.

Нагадаем, напярэдадні стала вядома аб вылучэнні кандыдатаў у чальцы Савета Рэспублікі ад Мінска. Тут сенатаркай можа зрабіцца мама Мікалая Лукашэнкі Ірына Абельская.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі