У Шумахера сур'ёзна пашкоджаны галаўны мозг
Пра гэта заявілі лекары французскага шпіталя ў Грэноблі, дзе знаходзіцца сяміразовы чэмпіён "Формулы-1".
У нядзелю раніцай знакаміты нямецкі спартовец Міхаэль Шумахер катаўся на лыжах у французскім Мэрыбелі. Ён зваліўся і ўдарыўся галавой аб камяні. 44-гадовага Шумахера завезлі ў лякарню, дзе ў яго быў дыягнаставаны стан комы і кровазліццё ў мозг. Пазней яму была зроблена нейрахірургічная аперацыя. Па паведамленнях лекараў, Шумахер знаходзіцца ў крытычным стане.
Прадстаўнік шпіталя ў панядзелак заявіў, што "гаворка ідзе аб сур'ёзных і распаўсюджаных пашкоджаннях галаўнога мозгу". Міхаэля Шумахера ўвялі ў стан штучнай комы, каб знізіць негатыўныя наступствы ад атрыманых пашкоджанняў. Яго падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, інфармуе РІА "Новости".
Задача лекараў на цяперашні час — максімальна знізіць унутрычэрапны ціск.
Нагадаем, 3 студзеня Міхаэлю Шумахеру споўніцца 45 гадоў.
Фота — AFP