У свеце неспакойна: Абама і Папа Рымскі за клімат і хто сыграе Літвіненку
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Цэны на газ супакоіліся і ідуць на зніжэнне, а сусветныя лідары з усіх сіл рыхтуюцца да кліматычнага саміту. Нават былыя сусветныя лідары!
Цэны на газ у Еўропе падаюць
Цэны ф'ючэрсаў на газ у Еўропе перасталі расці з хуткасцю цаны біткойна. Упершыню з сярэдзіны верасня яны знізіліся да 800 долараў за тысячу кубоў.
Цэны рэзка выраслі на пачатку восені. Попыт павысіўся, з аднаго боку, праз тое, што эканомікі актыўна аднаўляюцца пасля пандэміі. З іншага — мінулая зіма вычарпала запасы Еўрасаюза.
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін напярэдадні сустрэўся з прадстаўнікамі "Газпрама" і даручыў павялічыць пастаўкі ў ЕС. На наступны дзень цэны ўпалі. Адліга.
Папа Францішак за клопат пра клімат
Папа Рымскі заклікаў сусветных лідараў прыехаць на наступным тыдні ў Глазга на канферэнцыю па клімаце і даць надзею будучым пакаленням.
Ён нагадаў пра неабходнасць адчуваць агульную адказнасць за свет і дадаў, што кожны, дзе б ні знаходзіўся і кім бы ні быў, можа зрабіць свой унёсак.
Барак Абама ў гульні
Экс-прэзідэнт ЗША зноў узяў слова. Ён паедзе на кліматычную канферэнцыю ў Глазга. CNN піша, што з'яўленне экс-лідара на падобным мерапрыемстве даволі незвычайнае, але яно павінна ўзмацніць пазіцыі Байдэна.
І паказаць свету, што калі гаворка заходзіць пра клімат, ЗША — гэта не толькі Дональд Трамп, які выйшаў з Парыжскага пагаднення.
“Я — муж Джыл”
Кранальны момант на найвышэйшым узроўні. Амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн, прадстаўляючыся і прадстаўляючы сваю жонку высокапастаўленай дэлегацыі, пра сябе сказаў сціпла: "Я — муж Джыл". Першая лэдзі збянтэжана засмяялася.
Самая мілая праява фемінізму з усіх, што мы бачылі на гэтым тыдні.
Дэтэктыў стане шпіёнам
Брытанскі актор Бенедыкт Камбербэтч, вядомы па ролі Шэрлака Холмса, сыграе экс-супрацоўніка ФСБ Аляксандра Літвіненку.
Былы супрацоўнік КДБ і ФСБ Літвіненка загінуў у Лондане ў 2006 годзе, праз шэсць гадоў пасля сваіх уцёкаў з Расіі ў Вялікабрытанію. Серыял, у якім яго сыграе Камбербэтч, будзе заснаваны на кнізе брытанскага аўтара Алана Коўэла — "Апошні шпіён".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.