У свеце неспакойна: Амазонка страчвае лясы, Аўстрыя садзіцца на каранцін
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Цукерберг прыйшоў у "Макдоналдс", герцагіня Сасекская піша кніжку пра прынца Гары і прынца Арчы. Але не думайце, што ў нас для вас сёння толькі свецкія навіны.
Аўстрыйцы сыходзяць у лакдаўн
З 1 лютага вакцынацыя стане абавязковай у Аўстрыі. А пакуль праз рост колькасці захворванняў краіна першай у Еўропе гэтай восенню ўводзіць лакдаўн.
Пакуль каранцін уводзяць на 10 дзён. Калі спатрэбіцца — падоўжаць яшчэ на 10. У Аўстрыі самы нізкі паказчык вакцынацыі ў Еўропе — цалкам прышчапіліся толькі 65% насельніцтва.
Амазонка радзее
Сітуацыя з лясамі Амазонкі найгоршая за апошнія 15 гадоў. Звесткі справаздачы бразільскага Агенцтва касмічных даследаванняў паказалі, што высяканне лясоў павялічылася на 22% усяго за год.
Лясы Амазонкі важныя для ўсяго свету: яны дапамагаюць паглынаць вуглякіслы газ. А значыць, дапамагаюць дамагацца вугляроднай нейтральнасці: гэта значыць сітуацыі, калі выкіды не перавышаюць аб'ёмаў, якія здольныя "праглынуць" дрэвы і акіяны.
У Амазонкі ёсць надзея. Па-першае, Бразілія далучылася да дэкларацыі, па якой абяцае ў найбліжэйшыя гады паклапаціцца пра лясы. Па-другое, Бразілія сабралася працаваць з Іланам Маскам і дзякуючы яго супер-інтэрнэту "Старлінк" зможа яшчэ лепш бачыць сітуацыю з высяканнямі з вышыні.
Прынцу Гары падабаецца ў Каліфорніі
У свеце неспакойна, затое спакойна ў каралеўскай сям'і. Зрэшты, прынца Гары і Меган Маркл ужо нельга назваць каралеўскай сям'ёй: цяпер яны жывуць як звычайныя простыя людзі ў Каліфорніі.
Меган нядаўна з'явілася на тэлебачанні і сказала, што прынцу гэты лад жыцця прыйшоўся даспадобы. Пара выхоўвае дваіх дзяцей. Сама Меган працуе над дзіцячай кнігай, на якую яе натхняюць Гары і старэйшы сын Арчы.
Ніякіх каралеўскіх абавязкаў — толькі сямейнае жыццё і трохі каліфарнійскага каранціну.
Прадаецца Канстытуцыя. Дорага
Калі адзін раз напісаць добрую Канстытуцыю, яе можна потым прадаваць гадамі. І дорага.
У ЗША прадалі рэдкую копію Канстытуцыі на аўкцыёне Sotheby's. Пакупнік аддаў за яе больш за 43 млн долараў.
Усяго ў Штатах захавалася 13 копій гэтага дакумента, выдадзенага ў 1787 годзе. А ўсяго было выдадзена 500 асобнікаў.
Марк Цукерберг прыйшоў у "Макдоналдс"
І пачалося. Інтэрнэт стаміўся жартаваць, прыдумляючы патэнцыйныя дыялогі заснавальніка Meta і касіра.
— Мне адзін "Макдоналдс", калі ласка.
— Комба нумар адзін?
— Не, увесь "Макдоналдс".
Хтосьці наогул не паверыў, што Цукерберг есць. Дык ён што, атрымліваецца, не робат?
Ты можаш пераканаць нас называць фэйсбук — Meta. Але паспрабуй пераканаць нас, што ты чалавек, Марк!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.