У свеце неспакойна: ці накорміць Ілан Маск планету і хто ссячэ апошняе дрэва

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Расія гатовая перастаць секчы лес да 2030 года дзеля захавання планеты. А Беларусь — не.

Ілан Маск гатовы прадаць акцыі "Тэсла" на 6 мільярдаў долараў, калі гэта дапаможа перамагчы голад назаўжды. А калі не назаўжды?

Коратка пра галоўныя сусветныя навіны ў рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.
 

Мы выратаваныя?

Больш за сто сусветных лідараў дамовіліся: да 2030 года яны перастануць высякаць лясы. Гэта адна з першых і вельмі важных дамоўленасцяў, дасягнутых на кліматычным саміце ў Глазга.

Дрэвы паглынаюць вялікую колькасць вуглякіслага газу. Менш дрэў — больш CO2. Гэта значыць, высяканне дрэў спрыяе змене клімату.

В мире неспокойно: накормит ли Илон Маск планету и кто срубит последнее дерево
Лес / pixabay

Усяго ў спісе краін, якія гатовыя ўзяць на сябе абавязацельствы па захаванні лесу, — 105 дзяржаў, уключаючы Расію, Кітай, Канаду, Бразілію, ЗША, Вялікабрытанію. На іх прыпадае 85% лясных масіваў свету.

Беларусі ў гэтым спісе няма.
 

Проста там людзі галадаюць

Расея і Кітай просяць ААН скасаваць санкцыі ў дачыненні да КНДР. Гэта другая спроба — у 2019 годзе Савет Бяспекі ўжо зарубіў гэтую ідэю.

У сумесным праекце рэзалюцыі просяць зняць забарону на экспарт Пхеньянам тэкстылю, статуй і морапрадуктаў. І дазволіць паўночнакарэйцам купляць ачышчаную нафту.

Каб гэтую ідэю ўхвалілі ў Савеце Бяспекі, трэба дзевяць галасоў "за". А яшчэ трэба, каб ЗША, Францыя, Вялікабрытанія, Кітай і Расія не наклалі вета. З Кітаем і Расіяй усё пройдзе гладка, але ці пашкадуюць паўночнакарэйцаў астатнія — вялікае пытанне.

ААН увогуле таксама не хоча, каб людзі ў Карэі паміралі галоднай смерцю. Летась прадстаўнік арганізацыі ўжо заклікаў змякчыць санкцыі — менавіта таму, што ёсць сур'ёзная пагроза голаду.

Але галіны, пра якія кажуць Расія і Кітай, маўляў, прыносяць КНДР занадта шмат грошай — мільёны долараў. Гэтую крыніцу даходу абсеклі, каб паспрабаваць спыніць фінансаванне ядзернай і ракетнай праграм.

Зрэшты, мяркуючы па навінах, на ракеты ў Пхеньяна грошай усё яшчэ досыць. На ежу — не заўсёды.
 

Колькі трэба грошай, каб справіцца з голадам

Ілан Маск гатовы прадаць акцыі "Тэсла" на суму 6 млрд долараў, калі гэтыя грошы вырашаць праблему голаду ў свеце. І калі выканаўчы дырэктар Сусветнай харчовай праграмы ААН Дэвід Бізлі зможа растлумачыць, як менавіта.

Такі допіс самы багаты чалавек свету апублікаваў у твітары адразу пасля таго, як журналісты са спасылкай на Бізлі напісалі, што на барацьбу з пагрозай голаду і яго наступствамі не стае менавіта такой сумы.

У адкрытай перапісцы з Маскам у твітары Бізлі растлумачыў: загаловак быў не зусім дакладны. Гэтыя 6 мільярдаў не вырашаць праблему голаду. Яны дапамогуць выратаваць 42 мільёны чалавек, якія знаходзяцца на мяжы голаду. А яшчэ вырашыць праблему масавай міграцыі і палітычнай нестабільнасці, выкліканых кавідам, зменамі клімату, проста палітычнай нестабільнасцю.

Бізлі прапанаваў Маску сустрэцца — у любым месцы планеты або ў космасе, дзе яму будзе зручна.

"З вашай дапамогай мы можам прынесці надзею, умацаваць стабільнасць і змяніць будучыню. Давайце пагаворым: гэта не так складана, як Falcon Heavy, але занадта шмат пастаўлена на карту, каб хоць бы не пагаварыць", — напісаў ён.
 

За вялікім братам таксама сочаць

Пакуль камера відэаназірання сачыла за дарогай, амазонскі папугай сачыў за камерай відэаназірання. Мы не будзем пераказваць, як гэта было.

Кампанія па маніторынгу дарожнага руху размясціла кадры з камеры ў сеціве, так што глядзіце самі.

Гэты папугай праўда смешны, не кажыце, што вас не папярэджвалі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі