У свеце неспакойна: "не" касцюмам з "Гульні ў кальмара" і падатак на звышбагацце
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Калі вы дачытаеце гэты тэкст, у вас з'явіцца новы любімы кліматычны актывіст. І гэта дыназаўр.
А пакуль да іншых навін.
ЗША хочуць увесці падатак на звышбагацце
Звышбагатыя прадказальна незадаволеныя. У краіне больш за 700 мільярдэраў, яны плацяць падаткі па меншай стаўцы, чым у радавых амерыканцаў.
Wall Street Journal мяркуе, што ініцыятыва новага падатку звязаная з тым, што дэмакраты шукаюць 2 трыльёны долараў на свае сацыяльныя праграмы.
Рэспубліканцы ідэю не ацанілі і мяркуюць, што новаўвядзенне можа нанесці шкоду эканамічнаму росту ЗША. А Дональд Трамп нават растлумачыў, як менавіта.
Маўляў, усе звышбагатыя проста возьмуць і выедуць! Сам ён застанецца, інакш яму могуць не дазволіць балатавацца з-за мяжы на наступных выбарах.
Мы зачыненыя
Кітай нагадвае, як змагацца з пандэміяй. У горадзе Хэйхэ ўсяго некалькі новых выпадкаў заражэння каранавірусам. І лакдаўн.
Улады бяруць пад кантроль перамяшчэнні жыхароў. Уваход і выхад з жылых комплексаў і мікрараёнаў — толькі па прапусках. Выйсці з дома і вярнуцца раз на два дні можа толькі адзін чалавек з сям'і. Без сур'ёзнай патрэбы пакідаць горад нельга. Ну і транспарт не працуе.
Страшна ўявіць, як у Хэйхэ ставяцца да кавід-дысідэнтаў.
Давайце без кальмара
У ЗША набліжаецца Хэлаўін, і нью-ёркскія настаўнікі не без прычыны занепакоіліся. Тры пачатковыя школы ў штаце папрасілі бацькоў не прыводзіць у школу дзяцей у касцюмах з серыяла "Гульня ў кальмара".
Паўднёвакарэйскі трылер расказвае гісторыю пра людзей, якія завязлі ў даўгах. Дзеля буйнога грашовага прыза яны змагаюцца адно з адным у серыі жорсткіх смяротных гульняў. Настаўнікі вырашылі: будзе досыць і таго, што дзеці разыгрываюць сцэнкі з фільма на перапынках.
Французы і брытанцы дзеляць рыбу
Францыя затрымала брытанскае рыбалоўнае судна і абвясціла, што закрые амаль усе свае парты для іншых рыбалоўных суднаў Каралеўства. Гэта адказ на тое, што Брытанія адмовіла французам у палове заявак на рыбную лоўлю ў сваіх водах у Ла-Маншы. Новы віток у французска-брытанскай рыбнай сварцы, якая пачалася праз брэксіт.
Пасля выхаду Брытаніі з ЕС агульных вод, у якіх могуць рыбачыць і французы, і брытанцы, ужо няма. Гэта, дарэчы, было адно з самых складаных пытанняў у пагадненні аб выхадзе каралеўства з аб'яднання.
Канфлікту не адзін дзень. У траўні Лондан не дазволіў французскім рыбакам рыбачыць ля вострава Джэрсі, як яны прывыклі. Востраву за гэта ледзь не адключылі святло.
Цяпер Парыж яшчэ раз заяўляе: больш не будзе гэта трываць. Калі так пойдзе далей, Лондан сутыкнецца з сістэматычным мытным і санітарным кантролем прадуктаў, а яшчэ Францыя можа ўвесці забарону на выгрузку морапрадуктаў.
Можна было б сказаць "алягер ком алягер", але французы папраўляюць: гэта не вайна, а барацьба. І дадаюць: раз брытанскі ўрад разумее толькі мову сілы, Францыя гатовая перайсці на яе.
Складаная сітуацыя, нават беларускімі крэветкамі тут не дапаможаш.
Гэй, людзі: не вымірайце
Дыназаўр Фрэнкі бярэ слова з высокай трыбуны ААН. Ён кажа сусветным лідарам: пара перастаць апраўдвацца, трэба пачынаць нешта мяняць. Ужо ён ведае, што выміранне — гэта трохі непрыемна.
Дыназаўра агучыў актор Джэк Блэк. Гэта частка інфармацыйнай кампаніі напярэдадні кліматычнага саміту ў Глазга. Паглядзіце відэа — гэты кліматычны актывіст само зачараванне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.