У свеце неспакойна: прадукты даражэюць, пандэмія нарастае, затое АВВА зноў разам

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава

Галоўная навіна тыдня — ідзём на выходныя з новым альбомам АВВА. У ім дзевяць новых песень.

Астатнія навіны чытайце ў рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.
 

Маскі яшчэ не скінутыя

Не хочам вас палохаць, але СААЗ б'е трывогу. Спецыялісты баяцца, што гэтая зіма стане яшчэ адным кавід-выпрабаваннем.

У шэрагу краін — усплёск захваральнасці. Сярод іх і Заходняя Еўропа — напрыклад, Германія, і Усходняя — Расія. Украіна таксама нездарма ўводзіць новыя кавід-абмежаванні.

Рэгіянальны дырэктар СААЗ Ганс Клюге — ён адказвае за Еўропу — занепакоены і тэмпамі перадачы віруса.

В мире неспокойно: продукты дорожают, пандемия нарастает, зато АВВА снова вместе
Не забывайцеся пра маскі / pixabay

Многія эксперты сыходзяцца ў тым, што далейшы рост колькасці заражэнняў у спалучэнні з зімовымі прастуднымі захворваннямі можа падвесці медыкаў пад новыя выпрабаванні.

Выконвайце меры засцярогі: пандэмія не скончылася, маскі скідаць рана. Прышчапляйцеся!
 

Бумеранг "палявання на вядзьмарак"

Расіянін Ігар Данчанка быў затрыманы ў ЗША. Ён быў адным з тых, хто ўдзельнічаў у складанні дасье пра сувязі Дональда Трампа з Расіяй.

У 2017 годзе, незадоўга да інаўгурацыі Трампа, з'явіўся даклад, які кампраметаваў нядаўна абранага прэзідэнта, — "дасье Стыла". Яго склаў на аснове розных крыніц брытанец Крыстафер Стыл.

Трампа абвінавачвалі ў свядомым супрацоўніцтве з расійскімі спецслужбамі. Большасць сцверджанняў гэтага даклада застаюцца недаказанымі, а некаторыя аказаліся лжывымі.

Расіяніна Данчанку падазраюць у тым, што ён схлусіў пра крыніцы сваіх звестак аб кантактах паплечнікаў Трампа з расіянамі. Адвакат даў зразумець, што яго падабаронны віны не прызнае.

З чаго наогул пра гэта ўспомнілі? Памятаеце, яшчэ ў 2017 годзе пачалося расследаванне спецпракурора Генры Мілера? Праз два гады ён заявіў: умяшанне з боку Расіі ў выбары было. А змовы з Трампам — не было. Хоць сам Трамп і супраціўляўся гэтаму расследаванню.

Неўзабаве тагачасны генпракурор і прыхільнік Трампа даручыў пракурору Джону Дарэму правесці іншае расследаванне. І высветліць, з чаго наогул ФБР узялося за расследаванне змовы Трампа з Расіяй. Ці не было ў гэтым палітычнай ангажаванасці?

Расіянін Данчанка ўжо трэці, каму Дарэм прад'явіў абвінавачанні ў ходзе свайго расследавання.
 

Усё вельмі дорага

Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН кажа, што сусветныя цэны на прадукты харчавання дасягнулі самага высокага ўзроўню больш чым за дзесяць гадоў. І гэта пры тым, што толькі летась яны падраслі на траціну.

Асабліва моцна падаражэла пшаніца. У буйных экспарцёраў — Канады, Расіі і ЗША — здарыўся неўраджай. У выніку цэны падняліся за год амаль на 40%. Эксперт па аграбізнесе Пітэр Бат звязвае гэты неўраджай са зменамі клімату.

В мире неспокойно: продукты дорожают, пандемия нарастает, зато АВВА снова вместе
Поле пшаніцы / pixabay

Падаражэлі і алеі. Пальмавы — пасля зніжэння аб'ёму вытворчасці ў Малайзіі, там не хапала рабочых рук. А за пальмавым падаражэлі і іншыя алеі.

Яшчэ адна праблема — парваныя ланцужкі паставак праз COVID. Праз гэта, напрыклад, выраслі цэны на малако.
 

У пошуках віскі

Дзярждэп працягвае шукаць дарагое віскі, падоранае Майку Пампеа, а мы працягваем за гэтым сачыць.

Справа пачыналася так: у студзені людзі Трампа выехалі з Дзярждэпартамента і перадалі кіраўніцтва пратакольным бюро кадравым дыпламатам. Тыя выявілі, што ў сховішчы падарункаў беспарадак. І не выявілі некаторых падарункаў.

Некаторыя з іх усё ж знайшлі — напрыклад, вазы коштам 20 тыс. долараў, аказалася, заваляліся на складзе. Але дзе ж бутэлька віскі коштам 5 тыс. долараў, якую павінен быў атрымаць у падарунак экс-дзяржсакратар Майк Пампеа?

Сам Пампеа ўжо даўно сказаў, што да яго віскі так і не трапіла. Супрацоўнікі Дзярждэпа не спыняюць пошукаў. Яны нават хацелі развесіць вакол сховішча падарункаў камеры — на будучыню. Не выйшла: служба бяспекі сказала, што камеры вешаюць, каб абараніць таямніцы, а не падарункі.

Калі Netflix не здыме пра гэта серыял, нам давядзецца і далей трымаць вас у курсе справы.
 

Нічога не позна

АВВА сёння выпусціла новы альбом Voyage — першы за сорак гадоў!

І хоць гурт перастаў выступаць у 80-х, цікавасць да яго не спадала ўвесь гэты час, піша аглядальнік ВВС.

То-бок так, сумесных канцэртаў і запісаў не было. Але ў 1992 годзе выйшаў зборнік хітоў ABBA Gold — у альбомных чартах ён пабіў усе рэкорды. Нават у 2021 годзе ён усё яшчэ трымаецца на 14-м месцы! Ну і гэта не кажучы пра мюзіклы і фільмы, знятыя на музыку АВВА.

Так што рэюніян хай і не чаканы, але ён паўстаў не на пустым месцы. Такім чынам, у АВВА дзевяць новых песень. Ні слова больш, праслухайце іх усе!

Новы альбом АВВА

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі