У свеце неспакойна: талібы шукаюць спонсараў, а Трамп стварае новую сацсетку
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Дональд Трамп абураны: нават у талібаў ёсць права голасу ў твітары, а ў яго — няма. Таму Трамп створыць сваю сацсетку, у якой ужо ніхто яго не забаніць, і такім чынам пазмагаецца з дыктатурай карпарацый. Прынамсі, такі яго план.
А самі талібы нашмат больш занепакоеныя не правам голасу, а фінансавым пытаннем, і звяртаюцца да сусветнай супольнасці з просьбай дапамагчы ў аднаўленні эканомікі разбуранага Афганістана.
Коратка пра навіны ў свеце ў рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.
Можа, глабальнае пацяпленне пачакае?
У распараджэнне ВВС трапілі тысячы дакументаў, з якіх вынікае, што некаторыя краіны спрабавалі паўплываць на навукоўцаў, якія рыхтуюць кліматычную справаздачу. Сярод іх — Саудаўская Аравія, Японія і Аўстралія. Яны прасілі ААН прыменшыць значнасць хуткай адмовы ад выкапнёвага паліва.
Некаторыя багатыя краіны, піша ВВС, не былі ўпэўненыя ў тым, што хочуць фінансаваць бедныя дзяржавы ў выпадку іх згоды перайсці на больш экалагічныя тэхналогіі.
Усё гэта адбываецца напярэдадні саміту па клімаце, які пройдзе ў Глазга ў лістападзе. Там, як чакаецца, краіны папросяць узяць на сябе сур'ёзныя абавязацельствы, каб не дапусціць росту глабальных тэмператур больш чым на 1,5 градуса.
Ну хто такія саміты ў лістападзе праводзіць? Трэба было збіраць сусветных лідараў летам — пажадана ў Каліфорніі або Грэцыі, дачакаўшыся, калі там усё дагарыць.
Хтосьці павінен заплаціць
У Маскве прайшлі перамовы, у якіх удзельнічалі прадстаўнікі "Талібана". А акрамя іх — Расія, Кітай, Пакістан, Індыя, Іран і яшчэ пяць постсавецкіх краін.
Талібы заручыліся падтрымкай гэтых краін і хочуць, каб ААН сабрала канферэнцыю, на якой вырашыцца, хто дапаможа краіне прадухіліць эканамічны калапс.
Мяркуецца, што галоўным чынам удзельнічаць у аднаўленні эканомікі павінны тыя краіны, "чые вайсковыя кантынгенты прысутнічалі ў гэтай краіне на працягу апошніх 20 гадоў". Даволі празрысты намёк для ЗША.
Вашынгтон палічыў за лепшае не ўдзельнічаць у перамовах з тэхнічных прычын, але заявіў, што можа далучыцца да будучых раўндаў.
Расія ўзначаліла заклікі да міжнароднай дапамогі, усведамляючы, што ўсякае распаўсюджванне канфлікту з Афганістана можа пагражаць рэгіянальнай стабільнасці.
"Нікога не цікавіць поўны параліч цэлай дзяржавы, якая мяжуе ў тым ліку з СНД", — заявіў афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў.
"Талібану" можна, а Трампу не?
Дональд Трамп не перастаў дамагацца аднаўлення сваіх акаўнтаў у сацсетках. Яго забанілі мінулай зімой пасля бунту ў Капітоліі. Трамп судзіцца з Facebook, Twitter і Google.
Але трэба ж і проста цяпер дзесьці штосьці пісаць. Таму Трамп вырашыў запусціць уласную сацсетку з простай і немудрагелістай назвай — "Праўда", у арыгінале — Truth Social.
Экс-прэзідэнт ЗША кажа, што так ён плануе пазмагацца з тыраніяй тэхналагічных кампаній і ўшчамленнем меркавання амерыканскай апазіцыі.
"Мы жывём у свеце, дзе "Талібан" шырока прадстаўлены ў твітары — і ў той жа час вашага любімага амерыканскага прэзідэнта пазбавілі голасу", — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Калі ўсё пойдзе па плане, Трампава "Праўда" запрацуе ўжо ў лістападзе. Праўда, спачатку далучыцца да сацыяльнай сеткі можна будзе толькі па запрашэнні.
Няправільная паркоўка
Колькі ваш няправільна прыпаркаваны аўтамабіль можа прастаяць на дарозе? У Італіі — 47 гадоў. Столькі часу таму аўто Lancia Fulvia спынілася пасярод тратуара. Двое мясцовых жыхароў пакінулі яго каля дзвярэй свайго дома.
Цяпер кіраўніцтва рэгіёна вырашыла, што пара прыбраць аўтамабіль. Мэр Лука Дзая быў расчулены: ён успомніў, што машына стаяла на гэтым месцы, калі ён яшчэ хадзіў у школу. Так што цяпер гэта не парушэнне правілаў паркоўкі, а ў нейкім сэнсе помнік эпохі. Які, кажуць у паліцыі, усё ж трошкі перашкаджае пешаходам.
Але калі вы прыхільнік сантыментаў, а не правільнай паркоўкі, супакойваем: аўто адрэстаўруюць, а потым адправяць на выставу старадаўніх аўтамабіляў і матацыклаў у Падуі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.