У свеце неспакойна: трагедыя на Ла-Маншы, трыумф легітымнасці і фота Трампа
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Беражыцеся цытат з інтэрнэту — рана ці позна яны могуць падставіць вас, як падставілі нью-ёркскіх музейшчыкаў.
Гэты ўрок і галоўныя сусветныя навіны чытайце ў рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.
Трагедыя на мяжы
Спроба трапіць у Вялікабрытанію праз Ла-Манш скончылася гібеллю 27 чалавек. Надзіманая лодка павінна была перавезці людзей праз праліў, але затанула ля берагоў Францыі, піша CNN. Сярод ахвяраў — дзеці і цяжарная жанчына.
Гэтая трагедыя яшчэ больш абвастрыла міграцыйны крызіс паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй. Міністры па абодва бакі Ла-Манша называюць адзін аднаго вінаватымі ў трагедыі.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што не дазволіць, каб Ла-Манш стаў могілкамі. Ён перагаварыў з прэм'ерам Брытаніі Борысам Джонсанам. Бакі дамовіліся, што будуць працаваць разам і перакрыюць для мігрантаў гэты небяспечны маршрут.
Праўда, кіраўнікі дзяржаў яшчэ і папракалі адзін аднаго — маўляў, кожны з іх робіць недастаткова.
Макрон заклікаў Джонсана перастаць палітызаваць міграцыйны крызіс. А адзін з брытанскіх парламентарыяў заявіў, што адказнасць за трагедыю ляжыць на Францыі. Гэта яна дазваляе мігрантам садзіцца ў надзіманыя лодачкі і плыць праз халодны Ла-Манш. Так што трагедыя прадказальная — пытанне было толькі ў тым, калі яна здарыцца.
Прэм'ер-бульдозер
Учора мы вам распавядалі, што шведы ўпершыню абралі жанчыну сваім прэм'ер-міністрам. Але Магдалена Андэрсан прабыла на гэтай пасадзе менш за суткі.
Андэрсан павінна была ўзначаліць кааліцыйны ўрад. Але рознагалоссі вакол бюджэту прывялі ў канчатковым выніку да таго, што партыя "зялёных" выйшла з гэтай кааліцыі.
І Андэрсан сказала, што сыходзіць.
"Існуе канстытуцыйная практыка, згодна з якой кааліцыйны ўрад павінен сысці ў адстаўку, калі з яго выходзіць адна партыя, — патлумачыла Андэрсан сваё рашэнне. — Я не хачу ўзначальваць ўрад, легітымнасць якога будзе пастаўлена пад сумнеў".
Яна, зрэшты, не адмовіцца быць кіраўніком аднапартыйнага ўрада, калі яго сфарміруе яе партыя сацыял-дэмакратаў.
У экс-прэм'еркі рэпутацыя прамалінейнага палітыка. На шведскім грамадскім тэлебачанні SVT яе нядаўна назвалі "бульдозерам". Сем гадоў Андэрсан ўзначальваў міністэрства фінансаў. Яе лозунг — "Швецыя можа дамагчыся большага".
Вас дакладна не ўзламалі?
Вось журналіст-даследчык з Уганды ўпэўнены, што стаў мішэнню "Пегасуса".
Гэта шпіёнскае ПЗ, якое можа паражаць як iPhone, так і прылады Android. З яго дапамогай можна наогул усё: дастаць з тэлефона паведамленні, фатаграфіі, электронныя лісты. Можна нават запісваць званкі і таемна актываваць мікрафоны і камеры.
Журналіст Райманд Муджуні напісаў у сацсетках, што атрымаў папераджальнае паведамленне ад Apple. У тэксце гаварылася, што яго тэлефон мог стаць мэтай "зламыснікаў, спансаваных дзяржавай". Такое ж папярэджанне атрымаў лідар дэмакратычнай партыі Уганды.
Вынаходнікі "Пегасуса" заяўляюць, што пастаўляюць гэта ПЗ толькі ваенным, праваахоўным органам і спецслужбам. І толькі ў краіны "з добрай рэпутацыяй ў галіне правоў чалавека".
Давайце паглядзім мае фатаграфіі
Калі цябе заблакавалі ў сацсетках, а вельмі хочацца запосціць фота, можна выдаць фотаальбом! Дональд Трамп так і зрабіў. Ён выпусціў альбом, у якім ёсць ягоныя здымкі з Пуціным, Сі Цзіньпінам, Кім Чэн Ынам. Адным словам, які адлюстроўвае, якое насычанае жыццё дзяржаўнага лідара.
Альбом "базавай камплектацыі" каштуе 74,99 долара. Падпісаная копія — больш за 200 долараў.
Праблемы цытат з інтэрнэту
Музей сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку апублікаваў у сетцы партрэт Фрыды Кало. А побач — цытату, якую падпісалі яе імем:
"Я думала, што я самы дзіўны чалавек у свеце, але потым вырашыла, што на зямлі так шмат людзей, што павінен быць хтосьці, хто гэтак жа, як і я, адчувае сябе дзіўным і недасканалым".
"I used to think I was the strangest person in the world but then I thought there are so many people in the world, there must be someone just like me who feels bizarre and flawed in the same ways I do." — Frida Kahlo
— MoMA The Museum of Modern Art (@MuseumModernArt) November 22, 2021
—
Frida Kahlo. “Self-Portrait with Cropped Hair.” 1940. pic.twitter.com/lWIvk73s7y
Вось толькі аказалася, што цытата належыць не мексіканскай мастачцы, а пятнаццацігадовай дзяўчыне.
Увагу на памылку звярнула карыстальніца "Твітару", якая раскрыла стваральніка цытаты. Аўтаркай аказалася яе школьная сяброўка Бэкі. Калі Бэкі было 15 гадоў, яна напісала гэтыя словы на абароце фатаграфіі Фрыды. І адправіла ў праект PostSecret, у якім кожны можа падзяліцца сваім сакрэтам.
Беражыцеся цытат з інтэрнэту. Яны не тыя, за каго сябе выдаюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.