У вадасетках Брэста адбылася сур'ёзная аварыя
Жыхарам забаранілі карыстацца пітной халоднай вадой. Ратавальнікі арганізавалі падвоз вады ў цыстэрнах.
Увечары 1 верасня ў раёне Брэст-Усходні, на вуліцах Скрыпнікава і ў мікрараёне Граеўка жыхары звярнулі ўвагу на жудасны пах вады.
Як стала вядома, у сістэме водазабору адбылася аварыя. Уначы на працу былі тэрмінова выкліканыя ўсе супрацоўнікі, якія маглі быць задзейнічаныя ў ліквідацыі наступстваў аварыі.
Цяпер, як паведамілі жыхарам, праводзіцца прамыванне і прачыстка водасістэмаў, але з кранаў па-ранейшаму льецца вада жудаснай якасці. Яе ніхто не ўжывае ў ежу, мыцца ёй таксама немагчыма. У навакольных крамах брэстаўчане крамах скупілі ўсю пітную ваду.
У каментары Еўрарадыё пра сітуацыю распавёў намеснік начальніка Брэсцкага аддзялення МНС Алег Лашко:
Лашко: "Пачалі паступаць званкі ад жыхароў некаторых раёнаў аб тым, што ў вадзе адчуваецца непрыемны пах. Пах каналізацыі. Мы арганізавалі падвоз вады жыхарам гэтых раёнаў".
Паведамляецца, што ў зону аварыі трапіла прадпрыемства "Савушкін прадукт", туды таксама накіраваныя аўтамабілі ратавальнікаў.
Фота — virtual.brest.by