У ваенкамаце сказалі, дзе будуць служыць тыя, хто падтрымлівае мітынгоўцаў
Прызыўнікі перад войскам праходзяць ідэалагічную праверку. Пра гэта газеце "Ганцавіцкі час" расказаў начальнік адасобленай групы (Ганцавіцкага раёна) ваеннага камісарыята Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў маёр Андрэй Блашчанка.
"Мы гутарым з кожным з хлопцаў. З усяго прызыву быў толькі адзін чалавек, які выказваў пункт гледжання мітынгоўцаў. Для службы ў войску гэта не з'яўляецца перашкодай. Але трэба разумець, што за гэтымі хлопцамі будзе пэўны ўзмоцнены кантроль і ў іх менш шанцаў трапіць у элітныя войскі", — прызнаўся афіцэр.
Таксама Блашчанка заявіў, што для праціўнікаў улады прадугледжваюць накіраванне ў канкрэтныя войскі: "Калі б выявіўся чалавек, які цалкам адхіляе наш палітычны лад, Канстытуцыю ды іншыя законы, то да яго, магчыма, былі б прынятыя такія меры, як дадатковая гутарка і накіраванне на службу ў чыгуначныя войскі".
Праўда, у Беларусі даўно няма такога віду войскаў, як чыгуначныя — ёсць транспартныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.